25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: Відавочна, што Лукашэнка сыйдзе, і Беларусь будзе ў Еўразвязе

37
Расейскія СМІ: Відавочна, што Лукашэнка сыйдзе, і Беларусь будзе ў Еўразвязе

Расейскае афіцыйнае агенцтва РИА «Новости» апублікавала артыкул аглядальніка Міхаіла Растоўскага, у якім той піша, што знешнія межы Еўразвяза неўзабаве могуць праходзіць у раёне Смаленска.

Аўтар артыкула нагадвае, што паехаць на саміт РФ-ЕЗ у Стакгольм 18 лістапада прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў пагадзіўся з падкрэсленай неахвотай. «Для Расеі гэта быў цяжкі выбар. Масква не была ўпэўненая, што гэты саміт будзе канструктыўным» - наўпрост заявіў на днях памочнік расейскага прэзідэнта Сяргей Прыходзька.

Свой скепсіс адносна саміту насельнік Крамля патлумачыў «некарэктнымі» выказваннямі кіраўніка швецкага МЗСа ў адрас Расеі. Але, думаецца, гэта толькі верхавіна айсберга. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык РФ і ЕЗ зараз няма пра што размаўляць адзін з адным, лічыць Міхаіл Растоўскі.

У лістападзе, які надыходзіць, спаўняецца 50 гадоў з таго моманту, як новы прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь сказаў сваю знакамітую прамову пра «Еўропу ад Атлантыкі да Урала». У 1959 годзе шанцы нават самага заможнага абывацеля з Урала злётаць на ўік-энд у Парыж вагаліся ў раёне нуля. У 2009 годзе гэтым нікога не здзівіш. Але палітычна Расея з аб'яднанай Еўропай па-ранейшаму жывуць на розных планетах.

У 90-ых гадах палітыкі з РФ і ЕЗ цешылі сябе ілюзіямі. Маўляў, яшчэ крыху і еўрапейцы з расейцамі весела зажывуць адзін за адным на аснове агульных каштоўнасцяў. Не атрымалася. Нягледзячы на падабенства рыторыкі, каштоўнасці сталіся не проста рознымі, а вельмі рознымі, лічыць аўтар.

На думку Растоўскага, «корань зла» не толькі ў расейскай няздольнасці і нежаданні жыць у адпаведнасці з нормамі заходняга свету. Краіны-чальцы Еўразвяза, можа быць, і змаглі знайсці агульную мову што датычыць новага ўладкавання ЕЗ. Але па пытанні сваёй палітыкі ў дачыненні да Расеі аб'яднаная Еўропа па-ранейшаму безнадзейна раз'яднаная.

Выступаючы ў чэрвені 2009 года на круглым стале ў Берліне каардынатар нямецка-амерыканскага супрацоўніцтва ў МЗСе ФРГ Карстэн Фойгт прывёў цікавыя лічбы. Паводле апытанняў, 87 % нямецкай эліты негатыўна ставіліся да палітыкі расейскай улады. Але пры гэтым 61% лічылі Маскву найважным партнёрам. А 76% былі ўпэўненыя, што планаваная «Паўночная плынь» забяспечыць вялікую бяспеку энергапаставак.

Як казалі героі Джэка Лондана, «калі капітаны пасварацца, параход стаіць». Часам няздольнасць ЕЗ выпрацаваць агульную лінію ў дачыненні да Расеі яе ўладам толькі на руку. Узгадаем, якімі страшнымі пакараннямі пагражалі еўрапейскія палітыкі пасля леташняй расейска-грузінскай вайны, і які пшык у іх атрымаўся ў выніку.

Але адсутнасць у ЕЗ магчымасці пакараць Расею азначае і адсутнасць магчымасці зрабіць ёй прыемнае. Можна колькі заўгодна разважаць пра «заняпад Еўропы», пра тое, што ў агляднай будучыні ЕЗ больш не будзе пашырацца. Але, як вядома, было б жаданне, а спосаб знойдзецца. Яшчэ праз 20-30 гадоў знешнія межы Еўразвяза цалкам могуць праходзіць у раёне Смаленска і Белгарада, піша РИА «Новости».

Як адзначае выданне, украінскія палітыкі Януковіч, Цімашэнка і Юшчанка не згаджаюцца адзін з адным амаль ні ў чым. Але на словазлучэнне «еўрапейская інтэграцыя» яны рэагуюць з аднолькавым бурным запалам. Пра тое ж самае думаюць і ў беларускай палітычнай эліце. Рана ці позна Лукашэнка сыдзе з палітычнай сцэны. І тады Расея можа стаць сведкай марша Менска ў бок ЕЗ.

Аднаго жадання ўступіць у Еўразвяз недастаткова. Што толькі не рабіла Турцыя дзеля запаветнага сяброўства ў еўраклубе. Але ёй усё роўна закацілі «чорны шар». Але Украіна і Беларусь - не Турцыя. Гэта краіны цалкам еўрапейскай культуры. Адзіная іх праблема - адсталасць. Але калісці адсталымі лічыліся і Гішпанія з Партугаліяй.

Жывы дыялог Еўразвяза і Расеі зараз адбываецца хіба што ў галіне энергетыкі. І дыялогам тое, што адбываецца, можна назваць хіба што з ветлівасці. Гульні ў трубаправоды і контр-трубаправоды, безумоўна, займальныя. Для расейскай эліты яны ператварыліся ў своеасаблівы аналог «вялікай гульні» XIX стагоддзя, калі Расея і Брытанія змагаліся за ўплыў у Сярэдняй Азіі. Але, займаючыся выключна трубаправодамі, Расея асуджае сябе на ролю сыравіннага прыдатка.

На думку аўтара артыкула, доўгатэрміновыя стратэгічныя інтэрасы Расеі патрабуюць самых цесных партнёрскіх адносінаў з Еўразвязам. «Толькі так расейцы па-ранейшаму змогуць жыць у адным доме з украінцамі і беларусамі. Толькі так яны змогуць пабудаваць нармальную сучасную эканоміку», - робіць выснову Міхаіл Растоўскі.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках