25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль абураны сувязямі Лукашэнкі з Ахмадзінежадам

13

Улады Ізраіля заяўляюць, што з прэзідэнтам Ірана сёння маюць стасункі толькі Судан, Беларусь і Венесуэла.

Міністр турызму Стас Місежнікаў днямі вярнуўся ў Ізраіль з паездкі па Лацінскай Амерыцы. Пасля вяртання ён адказаў на пытанні NEWSru.co.il, распавёўшы пра вынікі паездкі ў Бразілію і Аргентыну, і падзяліўшыся найбольш яскравымі ўражаннямі.

Распавядаючы пра візіт у Бразілію, міністр выказаў незадаволенасць візітам у гэту краіну прэзідэнта Ірана Махмуда Ахмадзінежада.

«15 лістапада я стаў сведкай вялікай дэманстрацыі супраць прыезду Ахмадзінежада ў Бразілію, арганізаваную евангелістамі і габрэямі. У Ахмадзінежада няма будучыні, ён – у поўнай ізаляцыі… Бразільскі прэзідэнт сказаў нам, што прымае Ахмадзінежада таму, што, паводле яго словаў, размаўляць трэба, перадусім, не з сябрамі, а з ворагамі. Іначай суразмоўцамі Ахмадзінежада былі б толькі лідэры Сірыі, Беларусі і Венесуэлы. Калі яго не будуць прымаць у іншых краінах, то ён будзе як той сабака, якога трымаюць на прывязі, які ад гэтага толькі лютуе і кусаецца.

Пры гэтым і бразільцам, і аргенцінцам зразумела, што з Ізраілем мець стасункі выгодней, бо Ізраіль прадстаўляе новы светапогляд, новы свет – які аб’ядноўвае цывілізаваныя краіны, у тым ліку, ЗША і ЕЗ. Іран жа можа прадстаўляць толькі сябе і некалькі тэрарыстычных арганізацый. Але, з прычыны таго, што ўплыў Венесуэлы і Эквадора дастаткова моцны ў Лацінскай Амерыцы, прэзідэнт Бразіліі спрабуе дэманстраваць добрую міну пры дрэннай гульні, што сустрэчы з Ахмадзінежадам неабходныя, каб паспрабаваць паўплываць на яго светапогляд.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, ізраільскія СМІ, распавядаючы пра Беларусь і пра яе палітычнага лідэра, рабілі асаблівы акцэнт на сувязях былой рэспублікі СССР з Суданам, Іракам і Іранам, што стала прычынай публічнай ізаляцыі гэтай краіны з боку ЗША і Еўрапейскага Звяза. Так, у артыкуле газеты «Гаарец» ад 26 траўня 2009 года адзначалася, што ў апошнія месяцы адбылося істотнае паляпшэнне адносінаў паміж Менскам і ЕЗ, аднак у ЗША па-ранейшаму адносяць Беларусь да краін-ізгояў.

Ізраільскія СМІ таксама нагадваюць, што больш за год таму эмацыянальнае выказванне Лукашэнкі стала прычынай узнікнення напружання паміж Ізраілем і Беларуссю. У прыватнасці, «дыктатар-антысеміт» заявіў, што «габрэі ператварылі Бабруйск у свінарнік». Пасля гэтага амбасадар Ізраіля быў адкліканы ў Іерусалім для кансультацый. Праз некалькі тыдняў Лукашэнка праз спецыяльнага пасланніка выбачыўся за скандальнае выказванне, канфлікт быў уладжаны і ізраільскі амбасадар вярнуўся ў Менск.

У той жа час у прэсе дагэтуль з’яўляецца інфармацыя пра разбурэнне сінагог у Беларусі. Так нядаўна ў Любані мясцовыя ўлады разбурылі драўляную сінагогу, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў. Да гэтага Кіраўнік Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман заклікаў Аляксандра Лукашэнку неадкладна спыніць працы па разборцы сінагогі пачатка ХХ стагоддзя ў горадзе Любань Менскай вобласці. Аднак, нягледзячы на гэта, сінагога была разбурана.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках