26 лiстапада 2024, aўторак, 1:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінздраў не ведае, колькі беларусаў хворыя на свіны грып

43
Мінздраў не ведае, колькі беларусаў хворыя на свіны грып

Нягледзячы на эпідэмію, лабараторна на свіны грып даследуюцца толькі захварэлыя на ВРВІ дзеці да двух гадоў і асобы, якія пераносяць грып у цяжкай форме.

Нагадаем, што днямі ў СМІ з’явілася інтэрв’ю з урачом-рэаніматолагам Добрушскай раённай бальніцы Яўгенам Лапанавым, паводле якога, рост колькасці захварэлых на пнеўманіі нагадвае снежны ком.

Урач патлумачыў, што хвароба працякае як звычайны грып – пачынаецца са слабасці, недамагання, падвышэння тэмпературы, нарастае адышка, з’яўляецца кашаль, болі паміж лапатак, у суставах, могуць быць парушэнні з боку стрававальнай сістэтмы – рвота, млоснасць, адсутнасць апетыту, дыярэя. «Чалавек звяртаецца, калі яго мучае адышка, ён не можа дыхаць, сухі кашаль, і самае дрэннае – калі ён звяртаецца з макротай і ўтрыманнем крыві, гэта ўжо абцяжарваючы фактар, гаворыць пра тое, што лёгачная тканіна пачала разбурацца», - пералічыў сімптомы рэаніматолаг.

Праз два дні пасля выхаду інтэрв’ю, падчас ток-шоў «Выбар» на канале АНТ галоўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан выказала здзіўленне тым, што працуючыя непасрэдна ў бальніцах дактары кажуць пра вялікую колькасць цяжкіх пнеўманій і нечакана вялікую колькасць шпіталізаваных: «Калі кажуць, што медыкі былі ў разгубленасці, яны ўсе ж крыху хітруюць», паведамляюць «Белорусские новости».

Валянціна Качан запэўніла: «Нельга казаць, што ўсе пнеўманіі ў Беларусі зараз вірусныя». Праблема, паводле яе словаў, у тым, што вылучаюцца некалькі мікраарганізмаў, якія ўстойлівыя да антыбіётыкаў і супрацьвірусных прэпаратаў.

Паводле дадзеных Мінздрава, на 23 лістапада ў Беларусі лабараторна пацверджаны 179 выпадкаў свінога грыпу, у тым ліку за перыяд эпідэмічнага ўздыму захворванняў – 153 выпадкі. Усяго за перыяд маніторынгу грып тыпу А (у тым ліку свіны грып) быў выяўлены ў 22,3% выпадкаў, В – у 3,3%, вірусы парагрыпу ў 8,2%, адэнавірусы – у 21%, рэспіраторна-сінтыцыяльны вірус – у 17,7%.

Па стане на 19 лістапада вірус свінога грыпу быў афіцыйна выяўлены ўсяго ў 13 чалавек, якія памерлі ад пнеўманіі. Ва ўсіх гэтых людзей была змяшаная інфекцыя. Іншую інфармацыю пра выпадкі смерці ад пнеўманіі Мінздраў не падае.

Валянціна Качан падкрэсліла неабходнасць улічваць, што лабараторна на свіны грып у Беларусі даследуюцца захварэлыя на ВРВІ дзеці да двух гадоў і асобы, якія пераносяць грып у цяжкай форме. Таму дакладна сказаць, колькі беларусаў перахварэлі на грып А/H1N1, не можа нават Мінздраў.

Пры гэтым конкурс на пастаўку вакцыны ад свінога грыпу ў Беларусь, паводле Качан, абвешчаны. Чакаецца, што вакцына з’явіцца ў канцы лістапада – пачатку снежня.

Па стане на 21 лістапада супраць сезоннага грыпу ў Беларусі прышчэплена 1 010 632 чалавек, што на 35,9% больш за 2008 год. Пры гэтым СААЗ раіць вакцынацыю 20% жыхароў. Калі да прышчэпленага мільёна дадаць мільён перахварэлых на ВРВІ, то гэта колькасць, паводле Качан, складзе ў грамадстве імунную праслойку, якая дазволіць спадзявацца, што другая хваля захворванняў «не будзе такой цяжкай».

Валянціна Качан падкрэсліла, што па той колькасці людзей, якія паправіліся, атрымаўшы ў поўным аб’ёме лячэнне, можна меркаваць, што рост захворванняў на грып не стаў нечаканасцю для беларускай сістэмы аховы здароўя. «Калі б гэта было нечаканасцю, нашыя страты былі б нашмат большыя. Мабілізацыя ўсіх сродкаў і высілкаў, пачынаючы з траўня, дазволіла аказаць неабходную дапамогу. Аднак дактары не богі», - заявіла яна.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках