25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ушацкас: «Людзі ў Беларусі мусяць карыстацца тымі ж правамі і свабодамі, што і мы ў Літве»

3

Кіраўнік МЗС Літвы падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі ЕГУ заявіў, што Літва зацікаўлена ў тым, каб Беларусь была незалежнай, стабільнай краінай.

Гэты быў азнаямленчы візіт міністра Вігаўдаса Ушацкаса ў Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, які таксама называюць «універсітэтам у выгнанні». У 2004 годзе па палітычных прычынах быў закрыты ЕГУ ў Менску і па запрашэнні ўрада Літвы ў 2005 годзе перамешчаны ў Вільню, паведамляе сайт DELFI.

Ушацкас выступіў з лекцыяй, у якой прадставіў студэнтам і выкладчыкам рашэнні, прынятыя на сустрэчы міністраў замежных спраў ЕЗ 16-17 лістапада ў Брусэлі, пра праграму ЕЗ «Усходняе партнёрства», а таксама абмеркаваў перспектывы далейшых адносінаў Еўразвяза і Беларусі. Таксама ён адказаў на пытанні студэнтаў, звязаныя як з самім універсітэтам, так і з адносінамі ЕЗ і Беларусі.

«Мы змянілі палітыку ў дачыненні Беларусі, - заявіў Ушацкас. – З маёй асабістай кропкі гледжання, мы павінны супрацоўнічаць з Беларуссю, бо толькі праз супрацоўніцтва мы здольныя падтрымаць грамадзян Беларусі. Я веру ў супрацоўніцтва, у камунікацыю з людзьмі, у тое, каб глядзець людзям у вочы, ці то Аляксандру Лукашэнку, Анатолю Лябедзьку ці Аляксандру Казуліну. У першую чаргу ў сувязі з тым, што гэта ў інтарэсах Літвы».

Ён адзначыў, што Літва зацікаўлена ў тым, каб Беларусь была незалежнай, стабільнай краінай з дзеючым свабодным рынкам, краінай, якая рухаецца да зацвярджэння адкрытага дэмакратычнага грамадства.

«Я зацікаўлены ў тым, каб у Беларусі людзі маглі карыстацца тымі ж правамі і свабодамі, што і мы ў Літве», – запэўніў Ушацкас.

Паводле яго словаў, калі Беларусь у будучыні будзе імкнуцца ў ЕЗ, «Літва будзе першай, хто яе ў гэтым падтрымае». На думку міністра, рана ці позна Беларусь уступіць у ЕЗ. «Асабіста я выступаю за тое, каб лепей рана, чым позна», - сказаў ён.

Літва прыкладае ўсе намаганні, каб працэдура выдачы шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян як мага хутчэй была спрошчана, запэўніў міністр, а сённяшнюю сітуацыю з візамі ён назваў «дыскрымінацыяй». В.Ушацкас таксама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж Літвой і Беларуссю ў сферы аховы культурнай і гістарычнай спадчыны.

Падчас свайго выступу, кіраўнік літоўскага МЗС прапанаваў студэнтам і выкладчыкам ЕГУ выдаць кнігу па гісторыі Беларусі, бо, ён не ведае пра існаванне такой на ангельскай мове. У яго бытнасць амбасадарам у ЗША, міністра, па яго ўласных словах, калегі неаднаразова прасілі прывезці кнігу па гісторыі Беларусі.

Рэктар універсітэта Анатоль Міхайлаў падзякаваў Літве за гасціннасць і бакі абмяняліся падарункамі.

Адказавюы на пытанне аднаго са студэнтаў, ці вернецца, на думку Ушацкаса, ЕГУ у Беларусь, міністр адказаў, што гэта залежыць ад саміх студэнтаў і кіраўніцтва універсітэта.

«У ідэале ў будучыні Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт мусіць вярнуцца ў Менск — туды, дзе ён павінен быць. Там вашыя карані, ваш дом, – сказаў Ушацкас. – Але кажучы пра гэта, трэба выкарыстоўваць магчымасці сучаснасці. Калі вы спытаеце мяне, я адкажу, што хацеў бы, каб вы былі тут».

Пакуль ЕГУ знаходзіцца ў Вільні, казаў В.Ушацкас, ён бы мог стаць рэгіянальным адукацыйна-асветніцкім цэнтрам не толькі для беларусаў, але і для грамадзян Малдовы, Украіны, Грузіі, а таксама Расеі.

«Мы б хацелі як мага больш поўна выкарыстоўваць вашую прысутнасць тут», — сказаў міністр.

Паводле прэс-сакратара міністра Раландаса Качынскаса, падчас сустрэчы з выкладчыкамі ўніверсітэта канкрэтныя праекты не абмяркоўваліся, паколькі, «міністр больш хацеў пазнаёміцца з дзейнасцю ЕГУ, з тым, як пачуваюцца студэнты».

«Гэта быў больш азнаямленчы візіт, – сказаў ён. – Усе палітычныя заявы міністра былі зробленыя на сустрэчы са студэнтамі».

У ЕГУ на дадзены момант праходзіць навучанне 1500 студэнтаў, у асноўным з Беларусі. З пункту гледжання студэнта універсітэта Кірыла Атаманчыка, улічваючы сённяшнія беларускія рэаліі, «пакуль гэта лепшы варыянт, што ЕГУ знаходзіцца менавіта ў Вільні, а не ў Беларусі ці нейкай іншай краіне».

«Гэта дае цэлы шэраг пераваг самім студэнтам, якія могуць параўнаць жыццё ў Беларусі, у якой яны жылі дагэтуль, і паглядзець іншы бок манеты, – распавёў ён. – Я задаволены тым, як зараз ідуць справы, нягледзячы на некаторыя шурпатасці і скандалы (звальненне выкладчыкаў, прарэктара і г.д. – DELFI). Я спадзяюся, што гэта не скончыцца на паўдарозе, і мы дойдзем да фінальнага этапу, калі мы альбо застанемся тут назаўжды, альбо пераедзем у Менск».

Адносна вяртання ў Беларусь, па словах Атаманчыка, студэнты ЕГУ настроены па-рознаму. Пакуль, кажа ён, яны маюць намер застацца і вучыцца тут, у Літве, таму што «няма магчымасці навучання ў Беларусі».

«Розныя палітыкі спекулююць на тэме вяртання ўніверсітэта, але, думаю, што шмат якія палітыкі за паўтара адсотка свайго рэйтынгу ЕГУ адправяць хоць у Кітай, – сказаў Атаманчык. – Такія рэчы як вяртанне ў Менск, на маю думку, не варта ўспрымаць сур'езна. Мы універсітэт, а не цырк, які можа даваць выступы ў розных краінах. Мы – універсітэт, з якім звязана 2000 жыццяў. Таму ўсе пытанні, звязаныя з гэтым, я лічу спекулятыўнымі».

Даведка

У 2004 годзе па палітычных прычынах ЕГУ быў закрыты ў Менску і, па запрашэнні ўрада Літвы, у 2005 годзе перамешчаны ў Вільню. Універсітэт атрымаў статус універсітэта Літвы. Зараз ЕГУ наведвае больш за 1500 беларускіх студэнтаў.

Прапанаваўшы беларускаму універсітэту аднавіць сваю дзейнасць у Вільні, Літва ўзяла на сябе абавязанне падтрымліваць яго датуль, пакуль у Беларусі не з'явіцца рэальная магчымасць аднавіць дзейнасць універсітэта.

З 2007 года Міністэрства замежных спраў Літвы спансуе ўтрыманне вучэбных памяшканняў ЕГУ, а таксама праграму навучання літоўскай мове і культуры студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта па праграме LitPro, якую праводзіць Віленскі універсітэт.

У 2008 годзе, у мэтах забеспячэння доўгатэрміновага фінансавання ўніверсітэта, з ініцыятывы Еўракамісіі быў створаны Мэтавы фонд ЕГУ. Еўракамісія таксама заклікала краіны ЕЗ і міжнародных донараў падтрымаць гэтую ініцыятыву.

У 2009 годзе Міністэрства замежных спраў Літвы вылучыла фонду 794 000 літаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках