25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шушкевіч: «У Еўропы павінна быць новая стратэгія па Беларусі»

13
Шушкевіч: «У Еўропы павінна быць новая стратэгія па Беларусі»

Пра гэта былы старшыня Вярхоўнага Савета заявіў на канферэнцыі «ЕЗ-Беларусь: дыялог за кошт правоў чалавека?» ў Швецыі.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч наведаў Стакгольм на запрашэнне шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека «Ostgruppen». Палітык прыняў удзел у канферэнцыі «ЕЗ-Беларусь: дыялог за кошт правоў чалавека?». У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі таксама дачка выкрадзенага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага Валерыя Красоўская, а таксама палітуцякач з Беларусі, грамадскі дзеяч Андрэй Абозаў.

Семінар «ЕЗ-Беларусь: дыялог за кошт правоў чалавека?» наведалі шведскія палітыкі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, Літвы, Расеі, эксперты, журналісты.

Былі разгледжаныя ўмовы дыялогу Еўразвяза з Беларуссю і іх выкананне беларускімі ўладамі. Беларускія ўдзельнікі нагадалі шведскай грамадзянскай супольнасці пра адсутнасць прагрэсу ў выкананні рэжымам Лукашэнкі ўмоваў па дэмакратызацыі краіны: у турмах па-ранейшаму знаходзяцца палітвязні, свабода слова адсутнічае, працягваюцца рэпрэсіі супраць апазіцыі; улады адмаўляюцца лібералізаваць выбарчае заканадаўства, справы аб выкраданнях і забойствах апазіцыянераў у краіне не расследуюцца.

«Галоўная мэта мерапрыемства – у Швецыі хочуць ведаць больш пра Беларусь, таму пытанняў была велізарная колькасць. Я паспрабаваў на іх адказаць. Патлумачыў, што змены ў нашай краіне адбываюцца толькі на словах Лукашэнкі, а па сутнасці – усё засталося, як раней. Калі і далей будзем працягваць весці пустыя размовы, існуе небяспека, што будзе позна ўносіць змены ў Выбарчы кодэкс. Выбары даволі хутка.

Я таксама адзначыў, што ў беларускай дыктатуры сёння глыбока эшаланаваная абарона. Мала змяніць нешта адно, трэба змяняць саму сістэму. Скажам, калі ўлады дазволяць увайсці ва ўчастковыя выбарчыя камісіі прадстаўнікам палітычных партыяў, дык гэта ніяк не паўплывае на празрыстасць выбараў. Рэпрэсіі супраць партыяў працягваюцца, зарэгістраваць рэгіянальную арганізацыю партыі без офіса немагчыма, а здымаць офісы ў рэгіёнах па камерцыйных коштах сёння для партыяў -- непасільна дорага і гэтаму перашкаджаюць улады на месцах. Так што, нічога гэта не зменіць па складзе камісіяў.

Мы казалі таксама пра палітвязняў, што яны працягваюць знаходзіцца ў турмах Беларусі. Проста змянілі адных на іншых. Інакш беларуская дыктатура існаваць не можа», -- распавёў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Акрамя ўдзелу ў семінары беларускія ўдзельнікі наведалі Міністэрства замежных справаў Швецыі, дзе адбылася вялікая сустрэча са шведскімі дыпламатамі, у тым ліку з кіраўніком Дэпартамента Усходняй палітыкі МЗС Швецыі Янам Найдэргам і яго намесніцай Ганнай Хамарлунт-Блікст.

Станіслаў Шушкевіч распавёў супрацоўнікам міністэрства пра тое, што ўлады Беларусі так і не правялі абяцанай Еўропе лібералізацыі краіны. Валерыя Красоўская і Андрэй Абозаў нагадалі пра тое, што вось ужо 10 гадоў беларускія ўлады ігнаруюць патрабаванні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і іншых міжнародных структураў правесці адкрытае незалежнае расследаванне выпадкаў гвалтоўных знікненняў апанентаў рэжыму, і не спыняюць пераследы па палітычных матывах.

«У мяне пыталіся, як я стаўлюся да нядаўняга рашэння Еўразвяза падоўжыць мараторый на санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Я сказаў, што ў Еўропы павінна быць новая стратэгія па Беларусі. Калі санкцыі то ўводзяцца, то адмяняюцца – сэнсу не будзе. Я заўсёды прыводжу ў прыклад ЗША. Яны спачатку падумалі, а потым увялі кропкавыя эканамічныя санкцыі, якія аказалі наймацнейшае ўздзеянне. А Еўропа з яе брусэльскай бюракратыяй неўдумліва працуе. Павінен быў спецыяльны прадстаўнік ці бюро па Беларусі, а то чыноўнікі змяняюцца, і ўсё пачынаецца спачатку. Еўропа павінна задумацца над тым, што яна робіць», -- сказаў Шушкевіч у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Падчас выступу

Дачка выкрадзенага ў Беларусі грамадскага дзеяча Валерыя Красоўская

Станіслаў Шушкевіч і Валерыя Красоўская

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках