25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў сустрэўся ў Канадзе з Маккейнам і Маккеем

20
Андрэй Саннікаў сустрэўся ў Канадзе з Маккейнам і Маккеем

«Героі рэвалюцый Усходняй Еўропы ганарацца сваёй роляй у змене света і кажуць пра неабходнасць быць паслядоўнымі ў адстойванні прынцыпаў, аднак у адносінах да Беларусі яны пра гэта забываюць», - заявіў у Галіфаксе лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Першы міжнародны форум па пытаннях бяспекі ў Паўночнай Амерыцы прайшоў у канадскім горадзе Галіфаксе і сабраў палітычную эліту з усяго свету. У Галіфаксе абмяркоўваліся выклікі глабальнай бяспекі і праблемы, якія сёння стаяць перад трансатлантычнай супольнасцю: нераспаўсюджванне ядзернай зброі і скарачэнне ядзерных арсеналаў, будучыня блока НАТА, сітуацыя ў Іране, Афганістане і іншых краінах з таталітарнымі рэжымамі, уключаючы Беларусь, сучаснае пірацтва і абарона партоў, пандэмія свінога грыпу ў свеце.

Нашу краіну на міжнародным форуме ў Галіфаксе прадстаўлялі лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і кіраўнік фонду «Мы памятаем» Ірына Красоўская.

Андрэй Саннікаў выступіў асноўным дакладчыкам на сесіі «Падзенне Берлінскай сцяны: новы свет ці новы сусветны парадак» .

Андрэй Саннікаў з міністрам абароны Канады Пітэрам Маккеем

Мадэратарам сесіі быў афіцыйны прадстаўнік НАТА Джэймс Апатурай, а ўдзел узялі міністр абароны Нідэрландаў Элмерт ван Міддэлькооп, амбасадары Нямеччыны, Канады, Нідэрландаў, вядучыя сусветныя аналітыкі і журналісты.

«Я казаў пра тое, што, безумоўна, пасля падзення Берлінскай сцяны cвет змяніўся. І Беларусь унесла не меншы ўклад у гэты свет за іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Аднак не шмат хто сёння ўзгадвае імёны нашых вялікіх сучаснікаў і змагароў за свабоду Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, нешматлікія разумеюць значэнне для новага свету такіх постацяў сучаснай беларускай гісторыі як Зянон Пазняк і Станіслаў Шушкевіч, якія зрабілі не менш для Еўропы за Леха Валенсу ці Вацлава Гавала. Першыя масавыя дэманстрацыі супраць таталітарызму прайшлі ў Беларусі за год да падзення Берлінскай сцяны і пачатка аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхіі і Славакіі. Наша краіна першай без усялякіх умоваў добраахвотна адмовілася ад валодання ядзернай зброяй. Аднак Беларусь вельмі хутка сутыкнулася з велізарнымі цяжкасцямі на шляху ў новы свет. Нас спрабуюць гвалтоўна утрымліваць у старым свеце са старой ідэалогіяй, пагардай да правоў і свабодаў чалавека, таталітарнай палітычнай сістэмай. Мы ўсё яшчэ застаемся за Берлінскай сцяной і ў гэтым не толькі наша віна. Сёння некаторыя еўрапейцы спрабуюць забыцца на сваё ўласнае мінулае і ўжыць да Беларусі палітыку, якая ўтрымлівала іх саміх у стане рабства», - распавёў лідэр «Еўрапейскай Беларусі» у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Андрэй Саннікаў з афіцыйным прадстаўніком НАТА Джэймсам Апатураем і нямецкім журналістам Крысціянам Верніке

Паводле Саннікава, наўрад палітыкі з Амерыкі і Еўропы лічаць, што падтрымка дыктатур можа прывесці людзей да свабоды, дэмакратыі і павазе правоў чалавека. Аднак менавіта такая «рэалпалітык» праводзіцца сёння ў адносінах апошняга дыктатара Еўропы Аляксандра Лукашэнкі.

«Героі сусветных рэвалюцый Усходняй Еўропы па праве ганарацца сваёй роляй у змене света і кажуць пра неабходнасць быць цвёрдымі і паслядоўнымі ў адстойванні сваіх прынцыпаў, аднак у адносінах да Беларусі яны чамусьці пра гэта забываюць і пачынаюць ужываць тэрміналогію, якая вызначае паняцце «рэалпалітык». Гэта значыць не павага правоў чалавека, а «практычныя інтэрасы» ставяцца на чале вугла ў адносінах з нашай краінай», -- адзначыў беларускі палітык.

Свет сапраўды радыкальна змяніўся, і яму неабходны новы сусветны парадак, упэўнены Андрэй Саннікаў. Але гэты сусветны парадак, можа грунтавацца толькі на каштоўнасцях, а не на імгненных інтэрасах лаббісцкіх груп у некаторых дзяржавах.

«Ніякіх складаных праблем немагчыма будзе вырашыць ні ў Афганістане, ні ў Іране, ні ў Паўночнай Карэі, калі на прыкладзе Беларусі будуць адпрацоўвацца такія падвойныя стандарты», -- лічыць лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

З міністрам абароны Нідэрландаў Элмертам ван Міддэлькоопам

Пра рэпрэсіі супраць апазіцыі, якія не спыняюцца, адмову ўладаў праводзіць дэмакратычныя рэформы і расследаваць справы выкрадзеных і забітых апанентаў рэжыму казала на форуме ў Галіфаксе ўдава выкрадзенага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча, лідэр фонду «Мы памятаем» Ірына Красоўская. У выніку, адзначыў Саннікаў, удзельнікі сесіі «Падзенне Берлінскай сцяны: новы свет ці новы сусветны парадак» абмяркоўвалі ў асноўным сітуацыю ў нашай краіне.

На форуме бяспекі ў Галіфаксе праблеме эпідэміі свінога грыпу была прысвечаная цэлая панэль «Пандэмія: гатоўнасць дзяржавы і грамадства».

Вядома, што ў Беларусі сітуацыя з захворваннямі на свіны грып дзяржавай замоўчваецца ці дбайна дазуецца. У Галіфаксе пытанні пандэмій, у прыватнасці, эпідэміі свінога грыпу абмяркоўваліся на вельмі высокім узроўні. Напрыклад, у дыскусіі ўдзельнічалі намеснік сакратара міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША Аляксандр Гарза і генеральны сакратар офіса нацыянальнай бяспекі Францыі Франсіс Дэлон. Гэта сведчыць пра тое, наколькі сур'ёзна дзяржавы ставяцца да пытанняў здароўя сваіх грамадзян. Урады Францыі і ЗША вырашылі, што не толькі міністэрствы аховы здароўя, але і ведамствы, якія займаюцца пытаннямі бяспекі, павінны ўдзельнічаць у прадухіленні наступстваў распаўсюджвання свінога грыпу. Самае галоўнае пры ўзнікненні такіх эпідэмій – гэта пытанне аб'ектыўнай інфармацыі. Менавіта аб'ектыўная інфармацыя і сталая сувязь установаў са СМІ дапамагае даносіць да людзей, што неабходна рабіць у першую чаргу і выклікае давер да ўлад, падкрэсліў Андрэй Саннікаў.

На форуме ў Галіфаксе Андрэй Саннікаў і Ірына Красоўская сустрэліся з шэрагам уплывовых палітыкаў з Амерыкі і Еўропы.

Міністр абароны Канады Пітэр Маккей заявіў, што Канада можа і павінна зрабіць больш для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Палітык падкрэсліў, што ён асабіста знаёмы са старшынёй Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкай Сурвілай, сустракаўся з ёй і высока шануе яе дзейнасць. Маккей упэўнены, што сусветная супольнасць павінна больш прынцыпова ставіцца да сітуацыі ў Беларусі.

Экс-кандыдат у прэзідэнты ЗША, сенатар Джон Маккейн у гутарцы з Андрэем Саннікавым і Ірынай Красоўской заявіў, што не забывае пра Беларусь, стала сочыць за тым, што адбываецца ў нашай краіне і салідарны са змагарамі за свабоду.

Андрэй Саннікаў і Ірына Красоўская з Джонам Маккейнам (фота з архіва)

Старшыня Камітэта па замежных справах нямецкага бундэстага Рупрэхт Поленц адзначыў, што яго вельмі турбуе тая акалічнасць, што Лукашэнка спрабуе цалкам ігнараваць апазіцыю ў Беларусі. На яго думку, гэта недапушчальна і казаць пра нейкія змены можна будзе толькі ў тым выпадку, калі дэмакратычная апазіцыя будзе ўплываць на сітуацыю ў краіне.

Са старшынём Камітэта па замежных справах нямецкага бундэстага Рупрэхтам Поленцам

Добра вядомы ў Беларусі Дэвід Крэймер - былы памочнік Дзяржаўнага сакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працоўных адносін, аналітык Нямецкага фонду Маршала ЗША – заявіў беларускім палітыкам, што ён працягвае ўважліва адсочваць сітуацыю ў Беларусі. Крэймер вельмі высока ацаніў нядаўнюю паездку ў ЗША лідэраў Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага і Вінцука Вячоркі. Паводле яго словаў, неабходна, каб кантакты беларускай апазіцыі з амерыканскімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі пашыраліся.

Андрэй Саннікаў і Дэвід Крэймер

Даведка:

Арганізатарамі форума ў Галіфаксе выступілі Нямецкі фонд Маршала ЗША у супрацоўніцтве з урадам Канады. Форум сабраў вядучых палітыкаў, сенатараў, кангрэсменаў, грамадскіх дзеячаў прадстаўнікоў бізнэсу, аналітыкаў, журналістаў з Амерыкі, Еўропы, Азіі і Блізкага Усходу. Адкрывалі форум міністр абароны ЗША Роберт Гейтc і міністр абароны Канады Пітэр Маккей, удзельнічалі міністр абароны Нідэрландаў Элмерт ван Міддэлькооп, кіраўнік Мінабароны Нямеччыны Карл-Тэадор зу Гутэнберг, міністр абароны Бельгіі Петэр дэ Крэм, міністры абароны Бразіліі і Калумбіі Нэльсан Азэведа Жобім і Габрыэль Сільва Лухан, кіраўнік ваеннага ведамства Новай Зеландыі Вейн Мапп, намеснік дзяржсакратара ЗША Элен Тошэр, сенатары Джон Маккейн, Марк Удал, Джын Шахін, старшыня Камітэта па замежных справах нямецкага бундэстага Рупрэхт Поленц і іншыя.

Міністр абароны ЗША Роберт Гейтс, прэзідэнт Нямецкага фонду Маршала ЗША Крэг Кэнэдзі і міністр абароны Канады Пітэр Маккей

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках