25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка, Мядзведзеў і Назарбаеў не дамовіліся

55
Лукашэнка, Мядзведзеў і Назарбаеў не дамовіліся

Нягледзячы на запэўненні, што Мытны саюз запрацуе ад 1 студзеня 2010 года, стварэнне адзінай мытнай тэрыторыі адкладзенае на паўгады.

Трохбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрыя Мядзведзева і Нурсултана Назарбаева праходзіла ў Менску, дзе сёння таксама засядае Міждзяржаўны савет Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС).

Пасля сканчэння сустрэчы трох прэзідэнтаў інфармацыйныя агенцтвы перадалі заявы Аляксандра Лукашэнкі, абстрактны характар якіх падкрэсліў усю праблемнасць мерапрыемства ў Менску.

«Падчас няпростай, але змястоўнай размовы мы выйшлі на канкрэтныя і збалансаваныя дамоўленасці, рэалізацыя якіх будзе спрыяць запуску механізму глыбокай інтэграцыі з элементамі адзінай эканамічнай прасторы», - сказаў Лукашэнка.

Паводле яго словаў, «быў разгледжаны і ўхвалены шэраг стратэгічных рашэнняў, што вызначаюць перспектывы развіцця Мытнага саюза».

«Мы дамовіліся, што ў першай палове будучага года мы вырашаем усе пытанні і выходзім на адзіную эканамічную прастору. Мы дамовіліся, што ад 1 ліпеня 2010 года разам, трымя дзяржавамі, выйдзем на адзіную мытную тэрыторыю», - сказаў Лукашэнка.

Згодна з яго словамі, ад 1 студзеня 2010 года для Беларусі, Казахстана і Расеі будзе дзейнічаць адзіны мытны тарыф, але мытны кодэкс трох краін набудзе сілу толькі ад 1 ліпеня.

Пры гэтым беларускі кіраўнік падкрэсліў, што адзіная эканамічная прастора, якая плануецца ў рамках мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана, прадугледжвае пераход яго ўдзельнікамі на роўнадамоўныя кошты на энергарэсурсы.

«Усе будуць у роўных умовах працы, у тым ліку і па такім адчувальным пытанні, як роўнадамоўныя кошты на энергарэсурсы», - сказаў ён.

Лукашэнка таксама паведаміў, што кіраўнікі дзяржаў дамовіліся 18 снежня ў Алма-Аце вырашыць пытанні стварэння адзінай эканамічнай прасторы, у прыватнасці, пра тэрміны, а таксама ўзгадніць неабходныя праекты дакументаў.

Нагадаем, што раней датай стварэння Мытнага саюза называлася 1 студзеня 2010 года.

У прыватнасці, адказны сакратар Мытнай камісіі Мытнага саюза Сяргей Глаз'еў заяўляў, што вышэйшы орган Мытнага саюза павінен сёння ўхваліць рашэнне пра ўвядзене ў дзеянне адзінага мытнага тарыфу, агульнага Мытнага кодэкса і даць старт асноўным механізмам функцыянавання Мытнага саюза ад 1 студзеня 2010 года.

Ад гэтай даты павінен быў пачаць працу і наднацыянальны орган рэгулявання знешнегандлёвай дзейнасці – Камісія мытнага саюза. Яе рашэнні будуць абавязковымі для трох дзяржаў.

Характэрна, што ў прыняцці рашэнняў адносна мытнага рэгулявання галасы паміж краінамі-удзельнікамі Мытнага Саюза размеркаваліся наступным чынам: Расея – 57%, Казахстан – 21,5%, Беларусь – 21,5%.

Што чакае беларускую эканоміку ў кожнай канкрэтнай галіне пасля пачатку дзеяння Мытнага саюза, дагэтуль сказаць складана, бо будзе глабальная змена тарыфаў. Разам з тым для Беларусі найбольш актуальна паніжэнне пошлін на нафту. А галоўны мінус для грамадзян краіны – падвышэнне пошлін на легкавыя аўтамабілі.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках