25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папраўкі ў Выбарчы кодэкс рыхтаваліся ў закрытым рэжыме

21
Папраўкі ў Выбарчы кодэкс рыхтаваліся ў закрытым рэжыме

Праваабаронцы лічаць, што асноўныя праблемы выбарчага заканадаўства не вырашаныя.

30 лістапада «палата прадстаўнікоў» прыняла ў першым чытанні законапраект «Аб унясенні дадаткаў і змен у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў і аб прызнанні страціўшым сілу закона «Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў».

Беларускія праваабаронцы заяўляюць, што пра планаваныя змены Выбарчага кодэкса вядома крыху, паколькі сам праект разглядаўся ў закрытым рэжыме, але тое, што вядома – не выклікае аптымізму.

«Працэс выпрацоўкі гэтых змен праходзіў у закрытым рэжыме для беларускай грамадскасці і зацікаўленых суб'ектаў – грамадскіх арганізацый і апазіцыйных палітычных партый. Адзінае, нам вядома, што былі нейкія кансультацыі БДІПЧ АБСЕ і беларускіх улад з гэтай нагоды. Я раблю такія высновы са слоў афіцыйных прадстаўнікоў. Нам вядома, што такія кантакты былі ўвесну гэтага года і ад тых часоў, падобна, нічога з еўрапейцамі не абмяркоўвалася. Так што, што там выпрацоўвалася, хто што прапаноўваў - нам невядома. Законапраект, які паступіў у «палату прадстаўнікоў», таксама ніхто з дэмакратычнай грамадскасці не бачыў», - заявіў у інтэрв'ю charter97.org юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца прааналізаваў кожную з унесеных у Выбарчы кодэкс змен:

«Меркаваць штосьці пра гэтыя змены я магу са слоў старшыні ЦВК Ярмошынай і часткова са слоў Лукашэнкі. Я ведаю, што прапаноўвалася занесці змены ў артыкул, датычны фондаў кандыдатаў, якія дазволяць выкарыстаць не толькі тыя грошы, што выдаюцца з бюджэту, але і асабістыя сродкі. Але, па-першае, там усталяваны ліміт. Па-другое, як гэта будзе працаваць, улічваючы, што ананімнае спонсарства ў нас забаронена, і замежная дапамога таксама забараняецца, незразумела. Ці знойдуцца такія грамадзяне, якія не пабаяцца адкрыта фінансаваць апазіцыйных кандыдатаў, не пабаяцца наступных санкцый з боку кантралюючых органаў? Зато гэтая папраўка легалізуе адміністрацыйны рэсурс і праўрадавыя кандыдаты цяпер будуць адкрыта фінансавацца.

Далей - сустрэчы з выбаршчыкамі можна будзе праводзіць па-за рамкамі закона аб масавых мерапрыемствах. Але гэта практыка была такой да нядаўняга часу. У Выбарчым кодэксе казался, што сустрэчы з выбаршчыкамі праходзяць у любой зручнай форме, але ўсё роўна ЦВК заяўляў, што такія сустрэчы павінны праходзіць у адпаведнасці з Законам аб масавых мерапрыемствах. Мы на гэта казалі, што ЦВК не мае права так шырока тлумачыць Выбарчы кодэкс. Гэта значыць тут нічога новага не адбылося – гэта вяртанне назад.

Акрамя таго, здаецца планавалася, што пасля кожнага дня датэрміновага галасавання будуць вывешвацца спісы тых, хто датэрмінова прагаласаваў. Але як гэта паўплывае на само датэрміновае галасаванне, якое выклікае шмат крытыкі, незразумела. Мы заўсёды заяўлялі, што ад датэрміновага галасавання трэба ўвогуле адмовіцца, бо яно праходзіць пад прымусам. Колькасць тых, хто датэрмінова прагаласаваў, складае каласальную лічбу, і адбываюцца маніпуляцыі з вынікамі.

Планаваліся таксама, што камісія будзе выдаваць назіральнікам копію з вынікамі галасавання, падпісаную чальцамі камісіі і змацаваную пячаткаю. Вельмі часта выходзіць, што чальцы камісіі робяць шмат памылак: то бюлетэні ў іх лішнія, то іх наогул бракуе. У пэўнай ступені будзе кантроль, але з іншага боку, калі фармаванне камісіі будзе адбывацца як раней, то праверыць лічбы выдадзенай копіі будзе немагчыма. Да таго ж, калі назіральнікаў не будуць падпускаць да падліку галасоў.

І самая галоўная запланаваная змена – пры фармаванні выбарчых камісій адну траціну павінны складаць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Гэта найбольш цікава. Складана сказаць, як гэта будзе працаваць, улічваючы вялікую колькасць праўрадавых грамадскіх арганізацый, якія, як паказвае практыка, заўсёды ўключаюцца ў камісіі.

Самае сумнае тычыцца назіральнікаў. Апошняя заява Ярмошынай - усё застанецца без змен. Як яно было раней, вядома: камісія вызначае, дзе сядзіць назіральнік. На практыцы назіральніка садзяць далёка, ён нічога не бачыць, а ўсе спробы падыйсці да стала сканчаюцца яго выправаджэннем з участку. Гэта нівеліруе ўсе змены. Калі працэс будзе зачынены і непразрысты для назіральнікаў, то пра якія выбары можна казаць?

Так што падстаў для аптымізму няма, таму што асноўныя праблемы не вырашаныя, а гэта: праблема датэрміновага галасавання, працэдура падліку галасоў, правы назіральнікаў. Баюся, што нічога рэвалюцыйнага мы не ўбачым», - адзначыў Валянцінаў Стэфановіч.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках