25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі хворых на свіны грып у 4,5 разы больш, чым ва Украіне

62
У Беларусі хворых на свіны грып у 4,5 разы больш, чым ва Украіне

Паводле Міністэрства аховы здароўя ў Беларусі на свіны грып хворыя 85 чалавек. З іх памерлі – 7.

У Мінздароўя суседняй Украіны заяўляюць, што ў краіне выяўлена 17 выпадкаў свінога грыпу, памерла 6 чалавек.

Такім чынам, калі ўлічыць, што ва Украіне пражывае амаль у 5 разоў больш людзей, чым у нашай краіне, атрымліваецца, што колькасць тых, хто захварэў на свіны грып, на душу насельніцтва ў Беларусі амаль у 20 разоў больш чым ва Украіне.

Пры гэтым улады Украіны абвесцілі эпідэмію і звярнуліся па дапамогу да міжнароднай супольнасці, і ўкраінцы атрымліваюць сёння ўсе неабходныя для лячэння лекі. Беларускія ж ўлады заяўляюць, што эпідэміі ў краіне няма, у аптэках немагчыма набыць супрацьвірусных і імунаўмацавальных прэпаратаў, шпіталі перапоўненыя хворымі на пнеўманію, якія з-за дэфіцыту лекаў не могуць атрымаць неабходнага лячэння.

Нагадаем, што ўвечары 4 лістапада афіцыйныя СМІ са спасылкай на Мінздароўя паведамілі, што ў Беларусі пачаўся сезонны ўздым захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. У краіне сёлета тых, хто захварэў, амаль на 70% больш, чым у папярэднім годзе.

Адначасова ў краіне расце колькасць захворванняў на пнеўманію, адзначылі ў Мінздароўя. Агульная колькасць тых, хто захварэў на пнеўманію - 2154 чалавекі. Смяротных выпадкаў за апошнія два тыдні - 19.

У цэлым па рэспубліцы, паводле афіцыйнай інфармацыі, выяўлена 85 выпадкаў свінога грыпу, 31 чалавек знаходзіцца ў шпіталях, 47 чалавек ужо паправіліся. У 7 з 19 пацыентаў, якія памерлі ад пнеўманіі, выяўлены вірус A/H1N1.

Відавочна, на самой справе ў Беларусі значна больш людзей хворыя на свіны грып, чым афіцыйна абвешчаныя 85. Як раней паведамлялі ў Мінздароўя, абсалютная большасць тых, хто захварэлі на пнеўманію, не здаюць аналізы на свіны грып. Варта таксама адзначыць, для параўнання, што сярэдняя сусветная смяротнасць ад свінога грыпу – значна менш за 1 адсотак.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках