26 лiстапада 2024, aўторак, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У бальніцах Менска няма вакцын нават ад звычайнага грыпу

9
У бальніцах Менска няма вакцын нават ад звычайнага грыпу

Нягледзячы на эпідэмію грыпу і смерці людзей, што пачасціліся, у медыцынскіх установах Менска назіраюцца перабоі з забяспечанасцю вакцынамі. У большасці бальніц прышчэпкі не робяць.

9 лістапада карэспандэнт БелаПАН патэлефанаваў у шэраг медустаноў, каб даведацца, дзе можна зрабіць прышчэпку ад грыпу. У большасці гарадскіх паліклініках прышчэпкі за кошт грамадзян не робяць з-за недахопу вакцын. Жыхарам Менска прапануецца зрабіць бясплатную вакцынацыю ў паліклініках па прапіске, але для гэтага неабходна папярэдне звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта.

У камерцыйных медцэнтрах Менска - «Нардзін», «Экамедсервіс», «Ладэ» - прышчэпкі прыватным асобам на дадзены момант не робяцца з-за адустнасці вакцыны.

У гарадской санслужбе БелаПАН патлумачылі, што наяўнасць вакцын у камерцыйных цэнтрах не мае ніякага дачынення да арганізацыі дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя і залежыць выключна ад іх супрацоўніцтва з пастаўшчыкамі.

У сваю чаргу намеснік гендырэктара «Экамедсервіса» Андрэй Сяргееў паведаміў, што зараз «існуе напружанасць з пастаўкамі вакцын «Інфлювак» (Бельгія) і «Ваксігрып» (Францыя)». «Гэта звязана не з тым, што мы не можам ці не хочам іх набыць, а з тым, што ўся колькасць вакцын, якая трапляе ў Беларусь, сканчваецца вельмі хутка», - патлумачыў ён.

Паводле словаў Сяргеева, штогод колькасць людзей, якія жадаюць зрабіць прышчэпку, павялічваецца, таму «пастаўшчыкам цяжка спрагназаваць, якую колькасць вакцын трэба закупіць». Але як толькі вакцына трапляе на склад цэнтра, праводзіцца вакцынацыя, як прыватных асобаў, так і карпаратыўных кліентаў, у першую чаргу са спісу ў лісце чакання, сцвярджае намеснік гендырэктара.

Паводле дадзеных санслужбы сталіцы, прышчэпкі супраць грыпу зрабілі каля 100 тыс. менчукоў: каля 5 тыс. чалавек – за кошт асабістых сродкаў, 35 тыс. – за кошт сродкаў арганізацый і устаноў. Вакцынацыя ажыццяўлялася, у асноўным, з выкарыстаннем жывой грыпознай вакцыны (краіна-вытворца – Расея) і вакцыны «Флюарыкс» (Нямеччына), набытых за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэта.

Нагадаем, на прыканцы мінулага тыдня старшыня камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Дзмітрый Піневіч падчас онлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі заклікаў менчукоў рабіць прышчэпкі ад грыпу, бо чакаецца другі ўздым захворванняў на грып і ВРВІ.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, у Беларусі таксама дагэтуль няма вакцыны ад свінога грыпу, хаця колькасць захварэлых на гэтую хваробу павялічваецца. Паводле афіцыйных дадзеных Мінздрава на 8 лістапада, хворымі былі ўжо больш за 100 чалавек. Дакладная колькасць памерлых – не паведамляецца. У Мінздраве абяцаюць, што вакцына ад свінога грыпу будзе закуплена ў Расеі, аднак калі яна з’явіцца ў Беларусі невядома. Першы этап вакцынацыі супраць вірусу грыпу A/H1N1 ужо стартаваў у Расеі 9 лістапада.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках