25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады паралізуюць працу незалежных прафсаюзаў

1

Вядзецца актыўны пераслед сябраў незалежных прафарганізацый, іх звальняюць з працы.

Так лічаць лідэры прафсаюзаў і эксперты, пазначаючы на поўную адсутнасць у краіне умоваў для нармалёвай працы прафсаюзаў, перадае «Немецкая волна».

Фактычнае адзяржаўленне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) і ціск уладаў на сябраў незалежных прафесійных аб’яднанняў працоўных з’яўляецца чыннікам таго, што прафсаюзны рух у краіне знахозіцца ў жаласным стане. Пра гэта кажуць лідэры незалежных прафсаюзаў, якія адзначаюць, што страх згубіць працу прывялі да таго, што на прафсаюзныя акцыі выходзяць пару соцень чалавек, а не дзесяткі тысяч, як гэта было ў пачатку 90-х гадоў.

Незалежныя прафсаюзы пад ціскам

На сённяшні дзень незалежныя прафсаюзныя арганізацыі Беларусі налічваюць каля дзесяці тысяч сябраў. На думку старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандра Ярашука, адносна невялікая колькасць актывістаў незалежных прафсаюзаў звязана з тым, што апошнія пятнаццаць гадоў гэтым арганізацыям «даводзілася працаваць у даволі агрэсіўным асяродку». Як выказаўся лідэр БКДП, недэмакратычны характар сённяшняй улады і сістэмы краіны стаў антаганістам дэмакратычнай прыроды незалежнага прафсаюзнага руху.

На думку Ярашука, сам па сабе факт існавання незалежнага прафсаюзнага руху быў выклікам і атакай на палітычную сістэму. «Сяброўства ў незалежным прафсаюзе, сам выбар незалежнага прафсаюзнага руху быў актам грамадзянскай мужнасці людзей, якія прымалі вельмі няпростае для сябе рашэнне», - падкрэсліў Аляксандр Ярашук.

Манапалізацыя прафсаюзаў

Ён таксама нагадаў, што ў 2002 годзе ўлада ўзяла пад кантроль Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Пры гэтым дзяржава не хавала свайго намеру адносна таго, каб усе без выключэння працоўныя сталі сябрамі прафсаюзаў, што ўваходзяць у ФПБ.

«Улада лічыла адной з сваіх асноўых задач выцісканне на перыферыю і, нарэшце, знішчэнне незалежнага прафсаюзнага руху», - адзначыў прафсаюзны лідэр.

Праблемы прафарганізацый

Адзін з лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандр Бухвостаў адзначае, што сёння адміністрацыямі прадпрыемстваў і ўстаноў вядзецца актыўны пераслед сябраў незалежных прафарганізацый, іх звальняюць з працы. Бухвостаў паведаміў, што зараз праводзяцца акцыі ў падтрымку працоўнага, якога звольнілі з Беларускага аўтамабільнага завода толькі за тое, што ён мае кантакт з незалежным прафсаюзам.

Сур’ёзнай праблемай, паводле Бухвостава, з’яўляецца адмова ў рэгістрацыі незалежных прафсаюзаў, а таксама спробы вывесці іх з сферы дзеяння калектыўных дамоў на прадпрыемствах.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках