25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2009 годзе

22
Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2009 годзе

Аргкамітэт Хартыі’97 аб'явіў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2009 год.

За асабістую мужнасць пры абароне правоў чалавека ўзнагароджваюцца Франак Вячорка, Зміцер Бародка, Максім Вінярскі, Арцём Дубскі, Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка і Яна Палякова (пасмяротна).



Франак Вячорка

Сваю барацьбу за правы і годнасць чалавека, у тым ліку за права вучыцца на роднай мове, Франак Вячорка пачаў з юнацкага ўзросту, калі ўлады зачынілі Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа, у якім ён вучыўся. Тады Франак і многія ліцэісты выступілі ў абарону сваёй альма-матэр: выходзілі на акцыі пратэсту, пісалі петыцыі, распаўсюджвалі ўлёткі і працягвалі навучанне ў родным ліцэі падпольна. Зараз Франак Вячорка адзін з заснавальнікаў і лідэраў арганізацыі «Моладзь БНФ». За ўдзел у вулічных акцыях шмат разоў трапляў у турму на Акрэсціна, быў збіты і караўся штрафамі. У пачатку 2009 года Франак Вячорка, нягледзячы на пастанову медкамісіі аб наяўнасці ў яго праблем са здароўем, быў гвалтоўна накіраваны ў войска. У вайсковую частку пад Мазыром моладзевага лідэра везлі ў кайданках. У войску Франак Вячорка адстойвае сваё законнае права быць менавіта беларускім жаўнерам: размаўляць на роднай мове, карыстацца беларускай ваеннай тэрміналогіяй. Аднак сёння ў беларускім войску, як ні дзіўна, быць беларусам зусім нялёгка.

Зміцер Бародка

Яго завуць сапраўдным волатам, асілкам беларускага Супраціву, тым больш, што першая створаная Змітром Бародкам моладзевая арганізацыя ў яго родным Барысаве такую назву і мела - «Волат». Затым Зміцер стаў адным з заснавальнікаў Руху «Зубр», зараз ён – адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Цягам многіх гадоў Зміцер Бародка ўдзельнічае ва ўсіх акцыях пратэсту апазіцыі, натхняючы беларусаў сваёй мужнасцю і цвёрдасцю. Зміцер дзесяткі разоў арыштоўваўся і збіваўся, але, паводле яго словаў, ні на секунду не сумняваўся ў правільнасці абранага шляху. Сёлета барысаўчанін быў актыўным удзельнікам кампаніі «Свабоду палітвязням!», адным з арганізатараў і ўдзельнікам эстафетнай галадоўкі салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі. У Змітра Бародкі – трое дзяцей і, паводле яго, ён змагаецца за тое, каб яны жылі ў свабоднай еўрапейскай Беларусі.

Максім Вінярскі

Адным з арганізатараў кампаніі «Свабоду палітвязням!» і Дзён беларускай салідарнасці быў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі. Увесну цягам месяца маладыя людзі выходзілі штодзень на вуліцы Менска з партрэтамі палітвязняў, патрабуючы іх найхутчэйшага вызвалення. Іх не здолелі зламіць ні збіцці, ні запалохванні, ні арышты, ні штрафы. Максім Вінярскі добра ведае, як важна салідарнасць, бо сам правёў у турмах больш за 110 дзён. «Ніводны з нас не можа адчуваць сябе свабодным, пакуль хоць адзін палітвязень знаходзіцца за кратамі», - жыццёвы прынцып моладзевага лідэра.



Арцём Дубскі

У 2008-м годзе актывіст «Маладога Фронта» Арцём Дубскі быў прысуджаны да абмежавання волі па гучнай «Справе 14-ці» за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Пазней супраць «занадта актыўнага» маладзёна была заведзена яшчэ адна крымінальная справа. Арцём з’ехаў ва Украіну, але не здолеў доўга заставацца ў баку ад таго, што адбываецца на Радзіме, і вярнуўся, каб працягнуць барацьбу разам са сваімі паплечнікамі. Аднак ужо на мяжы міліцыянты знялі Дубскага з цягніка і арыштавалі. Суд прысудзіў апазіцыянера да году турмы за парушэнне правілаў адбыцця пакарання. Некалькі разоў у турме і калоніі ён трымаў галадоўку супраць ціску, які аказваўся на яго, і адстойваў свае правы. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Арцёма Дубскага Вязнем сумлення.

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч – сапраўдны герой. Ён прайшоў вайну ў Афганістане, куды быў накіраваны па загадзе савецкага ўрада. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Ад 2003 года Мікалай Аўтуховіч з-за сваёй прынцыповасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі ўвесь час знаходзіцца пад ціскам уладаў. Ён згубіў свой бізнэс і ўжо другі раз апынуўся за кратамі: у першы раз – па падложных эканамічных абвінавачваннях, а сёння – па яшчэ больш абсурдных абвінавачваннях у падпале і тэрарызме. Падчас першага арышту ЗША прызналі Аўтуховіча палітвязнем, а ў другі раз ён быў арыштаваны за дзень да сканчэння тэрміну пакарання. У турмах Аўтуховіч правёў дзве доўгія галадоўкі пратэсту, якія цягнуліся 50 і 90 дзён. Ён не прызнае сябе вінаватым. Жыццю палітвязня пагражае сур’ёзная небяспека, бо ён мае шэраг цяжкіх захворванняў. Многія праваабаронцы і эксперты лічаць, што Аўтуховіча пераследуюць за тое, што ён разам са сваімі паплечнікамі выступіў арганізатарам стварэння незалежнай ветэранскай арганізацыі. Але мужны «афганец» не здаецца – ён працягвае адстойваць свой Гонар.

Юрый Лявоўнаў

Адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Ваўкавыска пераследуецца ад 2003 года за тое, што падтрымаў свайго калегу і сябра Мікалая Аўтуховіча, адстойваючы свае эканамічныя правы, супрацьстоячы ціску мясцовых уладаў і фіскальных органаў, якія спустошылі іх фірму. У 2005 годзе Лявонаў быў прысуджаны да турэмнага тэрміну па падложным абвінавачванні. Разам з Мікалаем Аўтуховічам яго прызналі палітвязнем. Вызвалення прадпрымальнікаў і іншых вязняў сумлення дамагаліся ЗША, увёўшы супраць беларускага рэжыму эканамічныя санкцыі. Палітвязень выйшаў на свабоду, але праз год яго, таксама як і Аўтуховіча, арыштавалі па абвінавачваннях у падпалах. Юрый Лявонаў правёў у турме паўгады, пасля чаго абвінавачванні з яго былі знятыя. Выйшаўшы на свабоду, ён працягнуў барацьбу за вызваленне сваіх таварышаў.

Уладзімір Асіпенека

Сёння ў Беларусі цяжка быць не толькі дэмакратам і праваабаронцам, але і проста сумленным чалавекам. Падатковы інспектар Уладзімір Асіпенка трапіў у апалу пасля таго, як запатрабаваў спыніць злоўжыванні ў сваім ведамстве. У лютым 2009 года ён быў арыштаваны разам з Мікалаем Аўтуховічам і Юрыем Лявонавым. Сфабрыкаваная супраць прадпрымальнікаў справа, паводле праваабаронцаў, развальваецца на вачах, аднак палітвязні працягваюць знаходзіцца за кратамі. Уладзімір Асіпенка не прызнае сябе вінаватым, крымінальны пераслед ён лічыць помстай уладаў, але не губляе цвёрдасці і захоўвае адданасць сваім прынцыпам.



Яна Палякова (пасмяротна)

Салігорская праваабаронца Яна Палякова была на перадавой барацьбы за справядлівасць і дапамагала звычайным людзям абараняць свае правы. У Беларусі жыццё праваабаронцы цяжкае. Асабліва цяжка такім людзям у рэгіёнах, дзе кожны іншадумец знаходзіцца пад сталым прэсам спецслужбаў. Супраць маладой жанчыны быў задзейнічаны цэлы арсенал брудных і жорсткіх сродкаў -- збіццё, запалохванне, паклёп, інтрыгі, крымінальны пераслед. Пасля прысуду да 2,5 гадоў «хіміі» Яна Палякова скончыла з сабой. Рэжым толькі думае, што дамогся свайго - Яна Палякова не замінае жыць ганебным міліцыянтам і бессаромным суддзям і пракурорам. Але самаадданасць праваабаронцы, яе гатовасць ахвяраваць сабой дзеля іншых - няхай часам абыякавых і няўдзячных -- будзе заўсёды натхняць змагароў за свабоду і правы чалавека ў Беларусі. Яна Палякова сыйшла з жыцця незламанай.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснавана Хартыяй'97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Артур Фінькевіч, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Баразенка, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта прыходу святога Іосіфа ў г.Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валер Шчукін і Галіна Юбко, жонкі зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Пляшчэнка, абаронцы Курапат, творчае аб'яднанне «Пагоня», музычныя гурты «N.R.M.», «Новае неба», зачынены ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч, Юлія Дарашкевіч і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках