25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыватнікаў хочуць прымусіць цалкам адмовіцца ад імпарту

29

Ва ўрадзе створаная працоўная група па ўдзеле малых і сярэдніх прадпрыемстваў у вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі.

Як распавёў «Беларускім навінам» яе ўдзельнік, старшыня Беларускага cаюза прадпрымальнікаў (БСП) Аляксандр Калінін, у склад групы ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў і прадпрымальніцкіх саюзаў. Яе ўзначаліў намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў. Першае паседжанне групы адбылося 9 снежня.

«Мы спадзяемся, што гэта будзе сур'ёзная дыялогавая пляцоўка для наладжвання вытворчай кааперацыі паміж прыватнымі і дзяржаўнымі прадпрыемствамі, - адзначыў Калінін. - Тым самым мы будзем стымуляваць скарачэнне імпарту ў вытворчай сферы».

Як патлумачыў Калінін, з такой прапановай ён выступіў у лістападзе на нарадзе з удзелам Уладзіміра Сямашкі, і першы віцэ-прэм'ер гэтую ініцыятыву падтрымаў.

Калінін лічыць, што зацікаўленасць у бізнэса ў вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі ёсць, аднак дагэтуль не было сістэмнай працы. Паводле яго словаў, бізнэс не ведаў, што неабходна дзяржаве. Старшыня БСП адзначыў, што пасля адпаведнага даручэння ўрада міністэрствы разаслалі ў саюзы пералікі прадукцыі, неабходнай для імпартазамяшчэння. Некаторыя прадпрыемствы праявілі да іх цікавасць, распачаўшы засваенне некалькіх дзясяткаў пазіцыяў па камплектуючых. Па словах Калініна, спіс гэты будзе пашырацца.

Зараз, паводле яго словаў, абмяркоўваюцца магчымыя механізмы, якім чынам зацікавіць бізнэс. У прыватнасці, у межах працоўнай групы будзе ўзнятае пытанне пра доступ да дзяржаўных праграмаў па імпартазамяшчэнні. «Чаму толькі дзяржаўны сектар мае падтрымку пры вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі?», - задаўся пытаннем старшыня БСП.

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў лічыць, што праграмы імпартазамяшчэння - гэта ў большай ступені размеркаванне дзяржаўнай замовы, што абмяжоўвае канкурэнцыю на асобных сегментах рынка на карысць абраных кампаніяў.

Але і гэта не можа гарантаваць збыт для прыватных прадпрыемстваў. На яго думку, у прыватных прадпрыемстваў узніклі складанасці з аплатай за пастаўленую прадукцыю на дзяржаўныя заводы. «У дзяржпрадпрыемстваў сёння няма грошай, яны разлічваюцца з прыватнікамі па рэшткавым прынцыпе. Шматлікія буйныя заводы запазычыліся прыватным, якія пастаўляюць ім камплектуючыя і дэталі, мільярды рублёў, паколькі сродкі замарожаныя ў вырабленай, але нерэалізаванай прадукцыі», - адзначыў ён.

Маргелаў лічыць, што рана ці позна ўсе пытанні, звязаныя з дзейнасцю прадпрыемстваў, ці то па вытворчасці прадукцыі на экспарт, замест імпарту ці то на ўнутраны рынак, упіраюцца ў стварэнне ў краіне рынкавых умоваў і паўнавартаснага канкурэнтнага асяроддзя. Пакуль жа з-за высокай падатковай нагрузкі, складанага доступу да сыравінных рэсурсаў для прыватнікаў, высокай арэнднай платы займацца вытворчасцю складана. Таму прыватны бізнэс сканцэнтраваны ў гандлі.

Паводле дадзеных Мінэканомікі, у 2008 годзе аб'ем выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі з улікам рэалізацыі ўсіх праграмаў склаў у эквіваленце 3,6 млрд. даляраў. На ўнутраны рынак было пастаўлена імпартазамяшчальнай прадукцыі на 1,5 млрд. даляраў, умоўная эканомія валютных сродкаў вырасла ў тры разы і склала 815 млн. даляраў.

Зрэшты, як раней зазначаў Камітэт дзяржкантролю, у выніку імпартазамяшчэння імпарт не скарачаецца, і эканоміі валюты не адбываецца, паколькі шмат якія камплектуючыя для імпартазамяшчальнай прадукцыі беларускія прадпрыемствы завозяць з-за мяжы, павялічваючы тым самым адмоўнае сальда знешняга гандлю. Напрыклад, «Гомсельмаш» напалову камплектуецца імпартнымі дэталямі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках