25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: «Гэта дзяржаўны бандытызм»

4

За гэты год у Беларусі выкралі 6 апазіцыянераў, прычым за апошнія дні невядомыя вывезлі ў лес адразу дваіх.

Як лічыць праваабаронца Алег Воўчак, усе выкраданні маюць адзін почырк, за якім крыюцца дзеянні альбо Службы бяспекі прэзідэнта, альбо спецпадраздзялення «Алмаз». Такім чынам, адзначаюць эксперты, улады пачалі падрыхтоўку да выбарчых кампаніяў.

Нагадаем, што 5 снежня быў выкрадзены лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Невядомыя трымалі яго ў машыне 5,5 гадзінаў і выкінулі за 70 км ад Менска. 6 снежня быў схоплены актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Яго адвезлі за 20 км ад сталіцы. Усяго, як паведамляе «Салідарнасць», сёлета былі выкрадзеныя 6 моладзевых актывістаў.

– Выкраданні моладзевых актывістаў, якія пачасціліся, кажуць пра тое, што ўлады распачалі падрыхтоўку да выбарчых кампаніяў, – лічыць палітолаг Валеры Карбалевіч. – Звярнеце ўвагу, што прызначаючы 4 снежня новых міністраў, Лукашэнка нагадаў ім, што краіна знаходзіцца ў напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы і выбараў прэзідэнта.

А галоўную небяспеку для ўладаў уяўляюць не партыі, а менавіта моладзевыя арганізацыі.

На думку Карбалевіча гэта пацвярджае і тое, што пад ТБ-атакам падпадаюць ў асноўным моладзевыя актывісты.

– З аднаго боку праз выкраданні ідзе запалохванне актывістаў. З іншага – на іх робяцца тэлевізійныя атакі. Літаральна ўчора па БТ падрабязна распавядалі, чаму была выключаная з універсітэта Таццяна Шапуцька, – адзначыў палітолаг.

Адзначым, што выкраданні, пры якім моладзевым лідэрам не адказваюць на пытанні і забараняюць размаўляць, не можа не выклікаць у іх страху, паколькі ва ўсіх на слыху знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.

– Выкраданні моладзевых актывістаў я расцэньваю як новы від рэпрэсіяў. Гэта не жартачкі, гэта патыхае дзяржаўным бандытызмам, – сказаў «Салідарнасці» кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак.

Ён распавёў, што праведзены маніторынг выкраданняў актывістаў у апошнія гады паказаў, што яны маюць адзін почырк.

– За імі стаіць Служба бяспекі прэзідэнта, альбо спецпадраздзяленне «Алмаз». Пры адным з нядаўніх выкраданняў фігураваў сіні мікрааўтобус і супрацоўнік «Алмаз» Леаненка, якога апазнала затрыманая Наста Палажанка, – лічыць Воўчак.

Нагадаем, што супрацоўнік «Алмаза» Аляксандр Леаненка ўдзельнічаў у збіцці і затрыманні кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна 2 сакавіка 2006 года. Раней ён праходзіў па справе Дзмітрыя Завадскага.

Алег Воўчак раіць апазіцыйным актывістам быць больш уважлівымі і стварыць сваю службу бяспекі.

– З яе дапамогай за некалькі дзён можна было б выявіць структуру, якая іх «пасе», – лічыць праваабаронца. – Наогул, будуць ці не будуць працягвацца новыя рэпрэсіі, залежыць ад саміх актывістаў. Зараз ім трэба ўсімі сіламі дамагацца расследавання, пісаць скаргі ў пракуратуру, Еўрапейскі парламент і іншыя ўстановы.

Тым часам праваабарончы цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву», у якім працуюць былыя супрацоўнікі МУС і пракуратуры, падрыхтаваў рэкамендацыі, як трэба паводзіць сябе пры спробе выкрадання.

1. Без роздумаў выклікаць міліцыю па нумары «102». На месца здарэння будзе высланая аператыўная група.

2. Апавясціць родных, сяброў, папрасіць іх звязацца з адвакатам.

3. Калі патэлефанаваць няма магчымасці, можна ўжыць для самаабароны супраць невядомых газавы балончык ці электрошокер.

Калі ніводнай з гэтых мераў прыняць не атрымалася, варта захоўваць спакой і пасля захопу не аказваць супраціў. Пасля таго, як вас адпусцілі, трэба адправіцца ў пракуратуру і напісаць заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 182 Крымінальнага кодэкса (выкраданне). Пераапранацца не варта – на вопратцы павінны застацца адбіткі пальцаў і пахі, якія могуць дапамагчы знайсці вінаватых.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках