25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пагрозы ў адрас Ірыны Халіп выклікалі пратэсты праваабаронцаў

7
Пагрозы ў адрас Ірыны Халіп выклікалі пратэсты праваабаронцаў

Камітэт абароны журналістаў і Міжнародны фонд па абароне праваабаронцаў «Front Line» выступілі ў падтрымку беларускай журналісткі, якой пагражаюць забойствам.

«Мы абураныя пагрозамі ў адрас Ірыны Халіп», -- заявіў намеснік дырэктара Камітэта ў абарону журналістаў Роберт Махоўні. «Асабліва непакояць падазроны ў тым, што гэтыя пагрозы могуць сыходзіць ад спецслужбаў. Дзяржава мусіць расследаваць гэтыя пагрозы і зрабіць усе неабходныя крокі, каб вінаватыя паўсталі перад судом».

Арганізацыя адзначае, што Ірына Халіп атрымала ананімнае электроннае пісьмо, тэлефонны званок і тэлеграму, у якіх невядомы патрабаваў, каб яна не публікавала сваё журналісцкае расследаванне, якое было адпраўлена ў рэдакцыю расейскай «Новай газеты». «Калі не прыбярэш артыкул, сустрэнешся з Ганнай Паліткоўскай», - гаварылася ў ананімцы, атрыманай па e-mail. Ганна Паліткоўская была журналістам-праваабаронцам «Новай Газеты», застрэленай у 2006 годзе. У тэлеграме, атрыманай Ірынай Халіп, казалася і пра яе сына. Таксама па тэлефоне невядомы сказаў, што яна можа не выходзіць з дому, калі артыкул убачыць свет.

Дэталі, якія ўзгадваліся ў паведамленнях, сведчаць пра тое, што злачынцы перахоплівалі электронную пошту журналісткі і праслухоўвалі яе тэлефон. Паводле Ірыны Халіп, яна ўпэўнена ў тым, што за пагрозамі стаіць беларускі КДБ, бо толькі гэта структура можа кантраляваць пошту і тэлефон.

У сваю чаргу Міжнародны фонд па абароне праваабаронцаў «Front Line» у сваёй заяве нагадвае, што Ірына Халіп піша пра парушэнні грамадзянскіх правоў і правоў чалавека ў Беларусі. Яе ведаюць як журналістку, якая адстойвае свабоду слова ў Беларусі. З-за асвятлення палітычных і сацыяльных падзей у краіне яна неаднаразова пераследвалася, арыштоўвалася і дапытвалася, а таксама была збітая супрацоўнікамі міліцыі. У 2009 годзе Ірына Халіп стала лаўрэатам прэміі Міжнароднага фонда жанчын у СМІ «За мужнасць у журналістыцы». У 2005 годзе часопіс «Time» намінаваў яе на званне «Героя Еўропы» (у намінацыі «Храбрае сэрца»).

«Front Line» лічыць, што пагрозы ў адрас Ірыны Халіп наўпрост звязаныя з яе законнай і мірнай журналісцкай працай у галіне абароны правоў чалавека, у прыватнасці, з абаронай свабоды слова. Арганізацыя выказвае занепакоенасць за фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць Ірыны Халіп і заклікае ўлады Беларусі:

1. Правесці неадкладнае, дбайнае і бесстаронняе расследаванне пагроз у адрас Ірыны Халіп з наступнай публікацыяй вынікаў гэтага расследавання і прыцягненнем вінаватых да адказнасці ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі;

2. Прыняць усе неабходныя меры для таго, каб гарантаваць фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць Ірыне Халіп і членам яе сям'і;

3. Гарантаваць свабоду слова і сходаў усім праваабаронцам і журналістам Беларусі.

Нагадаем, што пагрозы ў адрас журналісткі Ірыны Халіп пачалі паступаць напярэдадні публікацыі ў расейскай «Новай газете» яе артыкула аб арышце ў Беларусі амерыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра і барацьбе беларускага КДБ і раейскага дзяльца Барыса Беразоўскага за спадчыну памерлага алігарха Бадры Патаркацышвілі.

У сакавіку 2008 года беларускі КДБ арыштаваў у Менску амерыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра і яго памочніцу Уладлену Функ, якія ўдзельнічалі ў раздзеле спадчыны Патаркацышвілі. Зэльцэр быў прысуджаны да трох гадоў турмы і адбыў палову тэрміну да таго, як быў вызвалены ў ліпені гэтага года.

У сваіх заявах пратэсту Камітэт абароны журналістаў і Міжнародны фонд па абароне праваабаронцаў «Front Line» адзначаюць, што ў сваім артыкуле Халіп перадала апавяданне Зэльцэра аб тым, як яго катаваў беларускі КДБ, патрабуючы ў яго арыгінал завяшчання Патаркацышвілі, і прымушаючы адваката заманіць у Менск распарадчыка завяшчання Джозэфа Кея. Зэльцэр сцвярджае, што КДБ дзейнічаў у інтарэсах іншага прэтэндэнта на спадчыну - Барыса Беразоўскага - расейскага алігарха, які пражывае ў Лондане.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках