25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зноў 1937-ы: Самавольства ўзаконенае

22
Зноў 1937-ы: Самавольства ўзаконенае

Дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» у другім чытанні пашырылі аператыўна-вышуковыя паўнамоцтвы Камітэта дзяржбяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў і Дэпартамента фінансавых расследаванняў Беларусі.

Дазваляць правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і ўзбуджаць крымінальныя справы ў дачыненні да асоб, уключаных у рэестр кіраўніка дзяржавы, дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў» і мясцовых Саветаў, членаў «савета рэспублікі» зможа не толькі генеральны пракурор, але і кіраўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў, Департамента фінансавых расследаванняў, паведамляе БелаПАН.

Гэта прадугледжваюць папраўкі ў некаторыя заканадаўчыя акты па пытанні ўзмацнення барацьбы са злачыннасцю, якія на паседжанні 11 снежня прынялі дэпутаты «палаты прадстаўнікоў».

Дакумент таксама дае права міністру ўнутраных спраў, старшыні КДБ, дырэктару ДФР дазваляць вытворчасць асобных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і працэсуальных дзеянняў (змяшчэнне пад варту, ператрус, праслухоўванне і запіс перамоваў, агляд жылля і іншыя) без санкцыі пракурора.

Законапраект прадугледжвае, што такія дзеянні будуць ужывацца ў выключных выпадках, у першую чаргу для папярэджання цяжкіх, асабліва цяжкіх і карупцыйных злачынстваў.

Кіраўнікі праваахоўных органаў змогуць прымаць рашэнні аб вытворчасці аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і працэсуальных дзеянняў пры ўмове абавязковага на працягу 24 гадзін паведамлення генеральнаму пракурору, які не зможа адмяніць такую пастанову, але пры ажыццяўленні канстытуцыйнай функцыі нагляду зможа яго аспрэчыць.

Акрамя таго, у мэтах аператыўнага рэагавання на факты супрацьпраўных дзеянняў, якія ўчыняюцца пракурорамі, законапраект нараўне з генпракурорам дае права дазваляць правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і ўзбуджаць крымінальныя справы ў дачыненні да пракурораў таксама міністру ўнутраных спраў, старшыні КДБ, дырэктару ДФР. Аналагічны парадак прадугледжаны дакументам у дачыненні да суддзяў.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, што з ініцыятывай надзяліць міністра МУС, старшыню КДБ і кіраўніка Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) правам «ажыццяўляць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, ужываць меры стрымання і выконваць асобныя працэсуальныя дзеянні па матываванай пастанове» ў жніўні 2009 года выступіў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі правіцель выказаў упэўненасць, што «кіраўнікі такога высокага рангу» не менш кампетэнтныя за пракурора, які дае санкцыю.

На думку беларускіх праваабаронцаў, гэтая ініцыятыва беларускага дыктатара адсылае да сталінскіх «троек», калі санкцыі на арышт у дасудовым парадку выдаваў кіраўнік мясцовага НКУС, сакратар абкама і пракурор. Усё гэта рабілася для разгрому «антысавецкіх элементаў».

Як адзначаюць праваабаронцы, надаванне кіраўнікоў МУС, КДБ і ДФР дадатковымі паўнамоцтвамі можа прывесці Беларусь да сітуацыі 1937 года і да яшчэ большага ўзмацнення бескантрольнасці выканаўчай улады на чале з Лукашэнкам. У крытычны момант улады змогуць ладзіць палітычныя «чысткі» і займацца барацьбой з іншадумствам.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках