25 лiстапада 2024, панядзелак, 22:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэкан юрфака БДУ: «На Форум «Усходняга партнёрства» павінен быў паехаць хтосьці больш прадстаўнічы»

46

Дэкан факультэта, на якім вучылася Таццяна Шапуцька, прызнаўся, што ў яго і яго калегаў-прафесараў і ў саміх ёсць што прапанаваць «Усходняму партнёрству».

Сітуацыя з Таццянай Шапуцькай, якую адлічылі з юрыдычнага факультэта БДУ, знаходзіцца пад кантролем міністраў замежных справаў краінаў Еўразвяза. Днямі падчас сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краінаў «Усходняга партнёрства» з прадстаўнікамі 27 краінаў ЕС сваё негатыўнае стаўленне да гісторыі з Таццянай выказаў міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт. У той жа час студэнты БДУ збіраюць подпісы ў падтрымку дзяўчыны, а вядомыя беларускія палітыкі, праваабаронцы і грамадскія дзеячы стварылі аргкамітэт ў яе абарону.

Але дэкан юрыдычнага факультэта БДУ Сяргей Балашэнка лічыць, што адлічылі Таццяну слушна.

«Калі б вы, напрыклад, некалькі дзён не з'яўляліся ў сябе на працы, а перад гэтым вас прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, у вас было прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці, і свайму працадаўцу вы б далі тлумачэнне, што вы наўмысна і свядома вырашылі не выходзіць на працу - колькі б вы дзён яшчэ прапрацавалі б?», - спытаўся ён у журналістаў «Еўрарадыё».

І прызнаўся, што вырашыцца адлічыць студэнтку, дэканату было зусім не проста.

«Каб прыняць рашэнне аб адлічэнні, перад гэтым гэткія пытанні моцна дыскутуюцца. І калі прымаецца такое рашэньне, гэта, безумоўна, для нас неардынарнае падзея. Гэта - лёс чалавека», - сказаў Балашэнка.

І не трэба, кажа ён, адлічэнне Таццяны звязваць выключна з яе удзелам у грамадзянскім форуме і паездкай у Брусэль. Тым больш, што, паводле словаў дэкана, нічога складанага ў тым, каб атрымаць дазвол на паездку, няма. Яна ж гэтага не зрабіла прынцыпова.

«Неабходна напісаць заяву, ўзгадніць гэтую паездку - і ўсё! Калі патрабуецца выплата камандзіровачных выдаткаў, тады, безумоўна, працэдура ўскладняецца і працягваецца. Паколькі неабходнае ўзгадненне з бухгалтэрыяй і ўпраўленнем міжнародных сувязяў. Але калі вы вырашыце мэтанакіравана і напішаце ў сваім тлумачэнні, што не хацелі нічога ні з кім ўзгадняць, дык, безумоўна, рэакцыя зусім іншая».

Таццяна Шапуцька сапраўды сваю паездку з дэканатам не ўзгадняла. Але, па словах дзяўчыны, рабіла гэта не таму, што проста не хацела нічога ні з кім ўзгадняць.

«Пры фармаванні спісу дэлегатаў Еўракамісія зашыфравала кожнага ўдзельніка. Нас было ў дэлегацыі 26 ці 27 чалавек, і ніхто тэарэтычна не ведаў, хто яшчэ едзе з Беларусі. Еўракамісія імкнулася забяспечыць максімальную абарону кожнага ўдзельніка. Было бязглузда пісаць у Міністэрства адукацыі і прасіць дазволу на паездку ў Брусэль - я была ўпэўненая на 90 працэнтаў, што мне адмовяць. І я не магла ставіць пад пагрозу зрыву свой удзел у форуме», - кажа Таццяна.

Тое, што адмаўляцца ад удзелу ў форуме такога ўзроўню нельга, згодны і дэкан факультэта Сяргей Балашэнка. Але з яго словаў вынікае, што ехаць туды павінна была не Таццяна, а хтосці больш прадстаўнічы.

«Безумоўна, мы падтрымліваем «Усходняе партнёрства». Хочам, каб і прафесарска-выкладчыцкі склад ўдзельнічаў у гэтых праектах, і студэнты. Да таго ж у нас ужо падрыхтаваны праект гарманізацыі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Еўразвяза, які датычыць эканамічных стасункаў, эканамічнага права. І гэта толькі пазітыўна разглядаецца», - сцвярджае ён.

Нягледзячы на ўвесь пазітыў, Таццяну Шапуцьку з універсітэта адлічылі. Афіцыйна - за парушэнні правілаў унутранага працоўнага распарадку, для студэнтаў - за прагулы. І тое, што фармальна чыноўнікі маюць рацыю, прызнае нават юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла. Але, кажа, мера пакарання, якая была абраная ў дачыненні да Таццяны, не адпавядае парушэнню.

«Фармальна закон яны выканалі. І мы гэтага не адмаўляем. Але мы зараз настойваем на тым, каб адміністрацыя дала дакументы, якія сведчаць аб падыходах адміністрацыі: чаму яны прызналі гэта вельмі грубым парушэннем правілаў унутранага распарадку, за якім было адлічэньне? Яна ўсё-ткі добра вучылася. У чым выявілася гэтае парушэнне, характар парушэння, цяжар яго - нічога не напісана. Таму неабходныя дакументы, якія тычацца таго, як адміністрацыя ацэньвае яе ўчынак і чаму была выбраная скрайняя мера ўздзеяння - адлічэнне», - кажа юрыст.

Дэкан факультэта сцвярджае, што станоўчае рашэнне наконт аднаўлення Таццяны на навучанні будзе залежаць ад яе і ад рэктара БДУ. Праўда, адмовіўся тлумачыць, што гэта азначае і што павінна зрабіць дзяўчына, каб рэктар пагадзіўся на яе аднаўленне. Сама ж Таццяна распавяла, што ёй зрабілі адзін намёк на тое, што трэба зрабіць для гэтага.

«Мне сто разоў раілі замяць шуміху і той рэзананс, які разгарнуўся вакол гэтай падзеі. Маўляў, тады ў універсітэта будзе магчымасць штосьці змяніць», - паведаміла дзяўчына.

Але Гары Паганяйла катэгарычна раіць менавіта гэтага і не рабіць. Па словах юрыста, толькі грамадскі і палітычны рэзананс як у самой Беларусі, так і па-за яе межамі могуць прымусіць чыноўнікаў прыняць рашэнне аб аднаўленні Таццяны ва універсітэце.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках