24 лiстапада 2024, Нядзеля, 23:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У тайландскім зброевым скандале знайшлі след Віктара Бута

4

Затрыманы ў Бангкоку Іл-76 належыў кампаніі Бута, а затым быў прададзены фірме, звязанай з сербскім гандляром зброяй.

Пра гэта заявіў швецкі эксперт па зброі Х'ю Грыфітс. Паводле яго словаў, далейшы продаж самалёта грузінскай кампаніі быў толькі прыкрыццём, і яго дагэтуль працягваюць выкарыстоўваць крымінальныя структуры, паведамляе расейская «Газета».

У справе самалёта Іл-76, затрыманага 12 снежня ў аэрапорце Бангкока з грузам паўночнакарэйскай зброі, замяшаныя гандляры зброяй з Усходняй Еўропы. Пра гэта 15 снежня заявіў Х'ю Грыфітс – эксперт па зброі са Стакгольмскага інстытута даследавання праблемаў міру.

Па словах Грыфітса, праведзенае даследаванне паказала, што апошнім зарэгістраваным уладальнікам Іл-76 была кампанія Beirbas, звязаная з сербскім гандляром зброяй Таміславам Дамняновічам. Грыфітс са спасылкай на Мінфін ЗША дадаў, што да Beirbas самалёт належыў адной з трох кампаніяў, звязаных з расейскім гандляром зброяй Віктарам Бутам, які ўтрымлівацца зараз у тайскай турме.

Эксперт лічыць, што самалёт быў прададзены Грузіі толькі для прыкрыцця, а на самой справе яго працягвалі выкарыстоўваць тыя ж крымінальныя структуры для сваёй незаконнай дзейнасці па гандлі зброяй. Грыфітс патлумачыў, што Іл-76 зарэгістравалі ў Грузіі, таму што ЕЗ забараніў рэйсы грузавых самалётаў, зарэгістраваных у Казахстане (дзе, у сваю чаргу зарэгістраваная кампанія Beibars). Па словах эксперта, калі б самалёт працягваў заставацца зарэгістраваным у Казахстане, ён бы не змог выконваць рэйсы за зброяй.

«Такія самалёты нагадваюць чароды мігруючых птушак, – прывёў параўнанне Грыфітс. – Яны змяняюць адну кампанію за другой, таму што папярэдні ўладальнік закрыўся з меркаванняў бяспекі ці таму, што яго незаконная дзейнасць была асветленая ў адным з дакладаў ААН».

У інтэрв'ю Associated Press Грыфітс заявіў, што пасля таго, як былі выяўленыя папярэднія ўладальнікі, не цяжка будзе і высветліць пункт прызначэння самалёта. «Усе загадкі вырашаныя, цяпер следства ведае, як вылічыць пакупнікоў зброі».

Эксперт лічыць, што для гэтага дастаткова ведаць, у якія краіны зброя пастаўлялася раней. Паводле дакументаў ААН, на якія спасылаецца Грыфітс, гэта Ліберыя, Дэмакратычная рэспубліка Конга, Самалі, С'ера-Леонэ, Судан і Чад.

Нагадаем, што сярод пяці чальцоў экіпажа, затрыманых разам з самалётам, – адзін грамадзянін Беларусі і чацвёра грамадзянаў Казахстана. Сам самалёт раней належыў Казахстану, потым ён быў прададзены грузінскай кампаніі Air West Georgia і ўжо затым здадзены ў лізінг украінскай кампаніі SP Trading.

Cамолет Іл-76 з бартавым нумарам 4L-AWA быў затрыманы 12 снежня ў аэрапорце Дон-Мыанг у Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі. Па словах тайскіх уладаў, ён быў затрыманы і дагледжаны па наводцы спецслужбаў ЗША. На борце самалёта былі выяўленыя 35 т зброі, уключаючы гранатамёты, ракеты «зямля-паветра» і кантэйнеры з боепрыпасамі. Уся зброя знаходзілася ў схованках, а паводле суправаджальных дакументаў, самалёт перавозіў дэталі для бурэння свідравінаў. Разам з грузам быў затрыманы экіпаж самалёта – грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў і чацвёра грамадзянаў Казахстана – Аляксандр Зрыбнёў, Віктар Абдулаеў, Віталь Шумкоў і Ілляс Ісакаў.

Ім ужо прад'явілі абвінавачванні ў ілжывым дэклараванні грузу, парушэнні правілаў перавозкі і незаконнай перавозцы зброі. Аднак, як піша выданне The Nation, затрыманыя могуць сутыкнуцца з новымі абвінавачваннямі, паколькі парушылі як тайскія, так і міжнародныя законы. Ужо была створаная спецыяльная камісія, якая ў супрацоўніцтве з паліцыяй Бангкока будзе займацца справай лётчыкаў.

Адзначым, што гандляр зброяй Віктар Бут некалькі гадоў служыў афіцэрам у беларускім горадзе Віцебску. Зброя, якая пастаўлялася Бутам узброеным паўстанцам і тэрарыстам, у тым ліку мела беларускае паходжанне.

У пачатку снежня Буту, які ўтрымліваецца ў тайскай турме, было адмоўлена ў вызваленні пад заклад. Нагадаем, што выдачы Бута прагнуць ЗША, якія абвінавачваюць яго ў незаконным гандлі зброяй. Тайланд пакуль адхіляў усе запыты амерыканцаў.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, у сакавіку 2009 года Аляксандр Лукашэнка адпачываў у Сербіі на запрашэнне мясцовых бізнэсмэнаў. Сербскія СМІ паведамлялі, што беларускі прэзідэнт прыбыў на запрашэнне Драгаміра Карыча.

У бізнэсмэна Карыча наладжаныя шырокія кантакты ў палітычных, бізнэсовых і навуковых колах як у краінах былой Югаславіі, так і за мяжой, у тым ліку і ў Расеі.

Разам з братамі Багалюбам, Зоранам і Срэценам Драгамір Карыч з'яўляецца ўладальнікам мультынацыянальнай карпарацыі «Браты Карычы», а таксама заснавальнікам Асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў «Karicevog».

Што датычыць Багалюба Карыча, дык у часы кіравання Мілошавіча ён займаў розныя адказныя дзяржаўныя пасады, апошняя з якіх - міністр па прыватызацыі СРЮ. Браты не хаваюць сваё багацце. У былых краінах Югаславіі іх дагэтуль называюць штатнымі банкірамі і галоўнымі ахоўнікамі грошай сям'і Мілошавіча.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках