25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Аўстрыі: «Збліжэнне Еўразвяза з Беларуссю -- не карт-бланш»

2

Міхаэль Шпіндэлегер заявіў, што Аўстрыя чакае ад беларускіх уладаў больш рухаў у накірунку рэформаў у галіне правоў чалавека.

«Мы пасылаем Менску сігналы падтрымкі, каб накіраваць на паслядоўны курс рэформаў», - заявіў журналістам федэральны міністр па еўрапейскіх і міжнародных справах Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегер пасля заканчэння сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым 17 снежня ў Вене, перадае БелаПАН.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Аўстрыі, Шпіндэлегер адзначыў, што збліжэнне ЕЗ з Беларуссю «не карт-бланш, яно звязанае з пэўнымі чаканнямі», якія ЕЗ «выразна фармулюе».

«Для доўгатэрміновага збліжэння ЕЗ павінен убачыць больш рухаў у накірунку рэформаў», - адзначыў міністр. Паводле яго словаў, паляпшэнні асабліва неабходныя ў галіне свабоды меркаванняў і сходаў, выбарчага заканадаўства і стаўлення да апазіцыйных партыяў і НДА. У гэтай сувязі ён назваў мясцовыя выбары ў красавіку 2010 года «важнай лакмусавай паперкай далейшага развіцця адносінаў».

«Партнёрства з Еўропай павінна будавацца на агульных каштоўнасцях і перакананнях, інакш яно не працуе», - заявіў кіраўнік МЗС Аўстрыі. Ён падкрэсліў, што Беларусь - апошняя еўрапейская краіна, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.

Аўстрыйскі міністр падкрэсліў «вялікі нерастрачаны патэнцыял» двухбаковых адносінаў. «У прыватнасці, у эканамічнай галіне Беларусь - цікавы партнёр, і Вена спадзяецца, што зможа надаць імпульс развіццю гэтых сувязяў», - сказаў міністр.

Аўстрыя - адзін з найбуйнейшых замежных інвестараў у Беларусі, але, на думку аўстрыйскага бізнэсу, развіццю адносінаў «перашкаджае высокая ступень бюракратыі і марудная рэалізацыя прыватызацыйных праектаў», паведамляе прэс-служба.

У сваю чаргу, Мартынаў звярнуў увагу на «падвойныя стандарты» ЕЗ, з-за якіх санкцыі ў дачыненні да Беларусі былі падоўжаныя і прыпыненыя да кастрычніка 2010 года.

Мартынаў таксама падкрэсліў, што смяротнае пакаранне было ўведзенае ў выніку рэферэндуму, а ўлады з 90-х гадоў праводзяць палітыку выкарыстання прысудаў, альтэрнатыўных вышэйшай меры.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках