25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: «Улады працягнуць кантраляваць вынікі выбараў»

5

Праваабаронцы ўпэўненыя, што змены ў выбарчым заканадаўстве Беларусі носяць касметычны характар.

17 снежня сенатары «савета рэспублікі» ухвалілі папраўкі ў выбарчае заканадаўства Беларусі на паседжанні трэцяй сесіі. Кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі распавёў Euramost.org, наколькі «істотныя» гэтыя змены.

- Па тым дакуменце, які мы трымалі ў руках, па якіх працавалі «дэпутаты», можна сказаць, што ніякіх сур'ёзных зменаў у выбарчым заканадаўстве не адбываецца, - кажа Алесь Бяляцкі. – І выканаўчыя ўлады працягваюць кантраляваць вынікі выбараў. Так што лічыць гэта нейкім сур'ёзнай зменай проста не прыходзіцца. Хутчэй за ўсё, гэта такая своеасаблівая «дымавая завеса» для міжнароднай грамадскасці. З тым, каб пераканаць – беларуская ўлада на самой справе нешта зрабіла ў плане змены выбарчага заканадаўства. На самой справе, гэта ўсё несур'ёзна.

- Што, на ваш погляд, у першую чаргу трэба было змяніць у выбарчым заканадаўстве?

- Мы складалі даволі дакладны дакумент. Рабілі акцэнты на асноўных момантах, якія выклікаюць больш за ўсё крытыкі і спрэчак. Гэта моманты фармавання выбарчых камісіяў. Тут як быццам бы нейкія змены плануюцца, але яны абсалютна не пераканаўчыя. Што такое 30 адсоткаў грамадскіх арганізацыяў у камісіях? Што гэта за грамадскія арганізацыі? Ніхто не ведае. Другі момант – гэта адмена папярэдняга галасавання. Яно павінна быць толькі ў выключных выпадках. Гэта значыць, што на ўсю акругу ці ўвесь раён ёсць адзін участак, як гэта было ва Украіне, дзе прымаюць удзел тыя людзі, якія хацелі б прагаласаваць датэрмінова з тых ці іншых прычынаў. І трэці момант – гэта падлік галасоў. Менавіта сама працэдура. Празрыстасць падліку галасоў, якую б і назіральнікі, і ўсе чальцы камісіі маглі б бачыць. Назіраць за кожным бюлетэнем. Што ў ім напісана, які там вынік галасавання. Вось гэтыя тры моманты разам – самыя істотныя. Але ў нашым выпадку – гэта «чорныя дзіркі» беларускага выбарчага заканадаўства, якія, скажам так, дазваляюць праводзіць маніпуляцыі з вынікамі выбараў. І рашэнне толькі гэтых трох праблемаў можа прывесці беларускае заканадаўства ў больш-менш прыстойны выгляд.

- Як усёткі ў выніку Еўропа ўспрыме гэтыя змены ў выбарчым заканадаўстве?

- Паглядзім, думаю, што ўсе кропкі над «і» расставяць выбары ў мясцовыя саветы. Хаця міжнароднага назірання не будзе, але, тым не менш, будзе бачна, што азначаюць гэтыя змены. І наколькі рэальна нешта змянілася. Я схільны думаць, што структуры БДІПЧ АБСЕ усёткі глядзяць на выбары, якія маюць адбыцца, без «ружовых акуляраў». Дастаткова аб'ектыўна, кіруючыся міжнароднымі стандартамі ў галіне выбарчага заканадаўства. Мне падаецца, што яны будуць даволі цвяроза ацэньваць вынікі гэтых зменаў.

- Ці прыслухоўваліся ўлады пры ўнясенні правак да прапановаў праваабаронцаў?

- У мяне ствараецца ўражанне, што галоўная задача гэтых зменаў – пакінуць закон без зменаў. Прыняць неістотныя, касметычныя праўкі, якія б не выпусташылі сутнасці закона, які дазваляе фальсіфікаваць вынікі выбараў. Таму, у якой ступені хтосьці нешта ўлічвае, не мае вялікага значэння. Таму што з цяперашнімі зменамі зноў можна маніпуляваць выбарамі.

- Чаго вы чакаеце ад наступных прэзідэнцкіх выбараў?

- Паглядзім. Я вельмі хацеў бы, каб беларускае грамадства нарэшце прачнулася і праявіла сваю грамадзянскую пазіцыю.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках