25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Еўрапейцы аператыўна адрэагавалі на выкраданне людзей»

1

Беларускія дэмакраты прывіталі прыняцце Еўрапейскім Парламентам жорсткай рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Як піша расейская газета «Коммерсант», праект рэзалюцыі ўнесла Еўрапейская народная партыя, прадстаўніком якой з'яўляецца кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузэк. Праўда, спачатку ў мэтазгоднасці прыняцця гэтага дакумента ўсумніўся еўракамісар па развіцці і гуманітарнай дапамогі Карэл дэ Гюхт, які нагадаў Еўрапарламенту, што ў аснове палітыкі ЕЗ у стаўленні Беларусі павінны ляжаць прагматызм і гнуткасць. Паводле яго словаў, калі Менск пойдзе на «істотныя, незваротныя крокі» ў галіне дэмакратызацыі, правоў чалавека і вяршэнства закона, ЕЗ пашырыць з ім узаемадзеянне. Еўракамісар прапанаваў падпісаць з Беларуссю дамову аб партнёрстве і супрацоўніцтве, што, на яго думку, «можа матываваць беларускія ўлады на дэмакратычныя рэформы».

З гэтым пунктам гледжання не пагадзілася еўракамісар па гандлі і еўрапейскай палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер, якая падкрэсліла, што беларускія ўлады не зрабілі «незваротных крокаў», не даказалі «справай, а не на словах», што гатовыя ісці насустрач рэкамендацыям ЕЗ. Яна заклікала «зрабіць нормай» павагу правоў і свабодаў у Беларусі.

У выніку Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой выказаў шкадаванне, што пасля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх улад адсутнічае прагрэс у галіне правоў і свабодаў. У дакуменце ўтрымліваюцца пэўныя заклікі да Менска расследаваць выпадкі выкрадання моладзевых актывістаў, а таксама загадкавай смерці актывіста «Беларускага народнага фронта» Валянціна Доўнара. Дэпутаты таксама заклікалі беларускія ўлады вызваліць палітвязняў, працягнуць у супрацы з АБСЕ працу па рэфармаванні выбарчага заканадаўства, развіваць дыялог з апазіцыяй. Еўрапарламент чакае ад Менска і рэфармавання закона аб СМІ у адпаведнасці з рэкамендацыямі міжнародных экспертаў, дазволу на рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці, стварэння спрыяльных умоў для працы НДА і незалежных СМІ.

Апроч пугі еўрадэпутаты паказалі Менску і пернік. У рэзалюцыі вітаецца нядаўняе рашэнне Рады кіраўнікоў МЗС ЕЗ падоўжыць мараторый на візавыя санкцыі супраць вышэйшых беларускіх чыноўнікаў да кастрычніка 2010 года. На думку Еўрапарламента, у выпадку дастатковага прагрэсу дэмакратычных рэформаў у Беларусі санкцыі павінны быць адменены, а працэс інтэграцыі краіны ў ЕЗ паскораны. Акрамя таго, рэзалюцыя рэкамендуе Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку і Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця разгледзець магчымасць павелічэння фінансавай дапамогі Беларусі.

Беларуская апазіцыя ўжо выказала задаволенасць рэзалюцыяй Еўрапарламента. Як заявіў «Коммерсанту» каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, гэта адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі «еўрапейцы аператыўна рэагуюць на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у дадзеным выпадку на выкраданне людзей».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках