25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветны банк дае Беларусі пазыку ў 200 мільёнаў даляраў

17

Савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка зацвердзіў выдачу Беларусі пазыкі на мэты развіцця (ПМР) у 200 мільёнаў даляраў ЗША на падтрымку эканамічнай праграмы ўрада.

Як паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Сусветнага банка (СБ), гэтая аднатраншавая пазыка вылучаецца тэрмінам на 16 гадоў і прадугледжвае адтэрміноўку пачатку пагашэння на шэсць гадоў.

Савет дырэктараў абмеркаваў ПМР у кантэксце прамежкавага агляду хады рэалізацыі Стратэгіі супрацоўніцтва СБ з Рэспублікай Беларусь (2008—2011 гады). Сусветны банк пашырыў сферу і памеры сваёй фінансавай дапамогі, запланаваныя ў рамках стратэгіі, і ўключыў у яе «падтрымку бюджэту праз ПМР, каб адлюстраваць значныя змены знешняй кан'юнктуры і паскарэнне структурных пераўтварэнняў у Беларусі».

«Да гэтага часу Беларусь назапасіла станоўчы досвед рэалізацыі праектаў з Групай Сусветнага банка. Для Сусветнага банка адкрылася акно магчымасці падтрымаць паглыбленне структурных рэформаў у Беларусі, — сказаў дырэктар аддзела Беларусі, Малдовы і Украіны СБ Марцін Райзер. — Мы спадзяемся, што дамоўленасць, дасягнутая з уладамі Беларусі, таксама паслужыць сігналам для прыватных інвестараў аб тым, што Беларусь становіцца больш адкрытай».

Пазыка на мэты развіцця падтрымлівае праграму рэформаў, згрупаваных па двух накірунках. Першы з іх арыентаваны на ўмацаванне праграм сацыяльнай дапамогі за кошт узмацнення іх адраснай скіраванасці на бедныя пласты насельніцтва, якія могуць больш за ўсіх пацярпець ад уплыву глабальнага эканамічнага і фінансавага крызісу на эканоміку Беларусі. Другі — падтрымлівае праграму ўрада па лібералізацыі для стымулявання інвестыцый і стварэння працоўных месцаў. Гаворка ідзе ў тым ліку пра такія меры, як указ аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці, які дазволіць значна палегчыць нагрузку для прадпрыемстваў; лібералізацыя коштаў (уключаючы адмену абмежаванняў гандлёвых надбавак у стаўленні большасці відаў прадукцыі); паступовая адмена абаротных падаткаў і падрыхтоўка заканадаўчай базы для пачатку працэсу прыватызацыі.

Старэйшы эканаміст СБ і кіраўнік групы спецыялістаў па падрыхтоўцы пазыкі на мэты развіцця Пабла Сааведра адзначыў: «У апошнія гады Беларусь скараціла абмежаванні для бізнэсу, і ў рамках дадзенай аперацыі падтрымліваюцца наступныя крокі ў сферы лібералізацыі цэн, скарачэння рэгулявання і падатковай палітыкі. Крызіс не толькі ўзмацніў актуальнасць гэтых рэформаў, але і падкрэсліў неабходнасць паглыбіць рэформы для забеспячэння аднаўлення ўстойлівага росту».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках