25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэлегацыя ПА АБСЕ сустрэлася з беларускай апазіцыяй

Спецыяльная працоўная група па Беларусі Парламенцкай асамблеі АБСЕ 21 снежня прыбыла ў Менск.

У першую чаргу дэлегацыя ПА АБСЕ сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і правяла двухгадзінныя перамовы, паведамляе «Радыё Свабода».

Ачольвае дэлегацыю ПА АБСЕ дэпутат са Швецыі, баранэса Сесілія Вінгстрэм. Разам з ёй знаходзіліся яшчэ два чальцы групы: з Польшчы і Італіі.

Апазіцыю на сустрэчы прадстаўлялі экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандар Казулін, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня камуністычнай партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, лідэр «Маладога фронта» Зміцер Дашкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі і намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Як лічаць прадстаўнікі беларускай апазіцыі, сустрэча атрымалася «канструктыўнай, з элементамі крытычнага дыялогу». Пачаткам дыскусіі стала прапанова апазіцыі падсумаваць вынікі той стратэгіі, якой Парламенцкая асамблея АБСЕ пачала прытрымлівацца з 2000 года.

Менавіта тады ПА АБСЕ прызнала «нацыянальны сход» Беларусі паўнавартасным парламентам. Мэта выглядала абнадзейваючай – навучыць беларускіх «дэпутатаў» дэмакратыі. Але, як падкрэслівалі апазіцыянеры, найбольш жорсткае рэпрэсіўнае заканадаўства было прынята «нацыянальным сходам» якраз падчас гэтага «навучання». І таму, як заявілі прадстаўнікі апазіцыі, ПА АБСЕ трэба ўносіць карэктывы ў гэтую стратэгію.

Сёння дэлегацыя з Капенгагену наведае таксама Міністэрства юстыцыі, «палату прадстаўнікоў» і Цэнтральную выбарчую камісію.

Наведванне Міністэрства замежных спраў і выніковая прэсавая канфэрэнцыя адбудуцца заўтра ў першай палове дня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках