26 лiстапада 2024, aўторак, 1:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навагодні стол па-беларуску

84

Кошты ў Варшаве такія ж, як у Менску, але сярэдняя зарплата палякаў у 3 разы вышэй за зарплату беларусаў.

«Еўрарадыё» падлічыла, колькі неабходна выдаткаваць на навагодні стол для сярэдняй беларускай сям'і з чатырох чалавек у Менску. А таксама параўнала яго з адпаведным святочным сталом у Варшаве. За аснову былі ўзятыя сённяшнія сярэднія кошты крамаў «Рублёўскі» і «Carrefour».

У гэты раз на змену году Быка прыходзіць год Тыгра. Па традыцыі, тыгра трэба «улагодзіць», каб ён застаўся задаволеным і прынёс у сям'ю дабрабыт на ўвесь наступны год.

2010 год - год Металічнага, Жоўтага ці Белага Тыгра. Таму ў цэнтр стала ставяць бананы (1 кг - 3500 рублёў) і мандарыны (1 кг - 6500 рублёў).

Таксама на стол можна паставіць свініну І гатункі (1 кг - 18800 руб.) і ялавічыну (1 кг - 11050 руб.), паўкіло вяленай каўбасы (1 кг - 27000 руб.) і смажанай курыцы (1 кг - 7800 руб.), «селядзец пад шубай» (селядзец - 3500 руб., маянэз - 1600 руб., бурак - 1100 руб.), салата «Аліўе» (гарошак - 1950 руб., каўбаса вараная - 13000 руб., агуркі марынаваныя - 6500 руб., дзясятак яйкаў - 3800 руб.), паўкіло сыра (1 кг - 15000 руб.), хлеб (3000 руб.). Для бутэрбродаў спатрэбіцца сметанковае масла (пачак - 2500 руб.) і шпроты (слоічак - 4000 руб.). Несапраўдным беларускі стол будзе і без бульбы (1 кг - 1200 руб.).

Да святочнага стала прадугледжаныя напоі: пачак соку (3500 руб.), традыцыйнае шампанскае «Савецкае» (13000 руб.), бутэлька гарэлкі (7000 руб.), чырвонае віно «Кагор»(0,75 л - 17000 руб.). На дэсерт – торт (25000 руб.) і шакаладка (2500 руб.).

Усяго за ўсе прадукты ў менскай краме прыйдзецца заплаціць каля 184 тысячаў рублёў. У варшаўскай краме за падобны пакупніцкі кошык прыйдзецца выкласці каля 200 злотых (прыкладна 200 тысячаў рублёў).

Цікава, што ў польскай сталіцы даражэй абыйдуцца не толькі алкагольныя напоі (бутэлька гарэлкі - каля 20 злотых, ці каля 20 000 рублёў), але і селядзец (каля 5000 руб.), шпроты (каля 5000 руб.) і курыца (каля 11000-13000 руб.). Затое мандарыны (за 1 кг - каля 3000 руб.) і свініна (1 кг - каля 13000 руб.) каштуюць танней.

Такім чынам, у Менску святкаванне Новага года абыйдзецца крыху танней, чым у Варшаве. Праўда, калі не ўлічваць шматлікія зніжкі ў польскіх крамах. Калі купляць прадукты толькі на распродажах - кошт навагодняга стала ў Варшаве можа скараціцца на траціну. Варта ўлічыць, што і зарплаты ў Беларусі і Польшчы адрозніваюцца. Паводле афіцыйных дадзеных, сярэдняя зарплата ў Беларусі – 363 даляры. А ў Польшчы тым часам – 1200 даляраў.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках