25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка назваў інтэрнэт «памыйніцай» і хоча яго рэгуляваць

75

Падчас прэс-канферэнцыі 30 снежня Лукашэнка фактычна пацвердзіў планы па рэгуляванні інтэрнэту ў Беларусі.

«Мы будзем рэагаваць на інтэрнэт», - заявіў ён. Па словах Лукашэнкі, галоўнай задачай указу, які распрацоўваецца, стане зняццё ананімнасці беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў. «Забароны доступу не будзе, але адказнасць будзе», - прызнаўся беларускі дыктатар.

«Забароны доступу не будзе, але адказнасць будзе. Так, як гэта ў Амерыцы», - патлумачыў ён. «Мы будзем у гэтым накірунку падцягвацца - нікому нічога не забараняючы, але жостка рэгламентуючы і спаганяючы», - сказаў ён.

«Мы зробім так, што чалавек, які нясе ўсё гэта - праўду, бруд і іншае, каб ён быў вядомы, і калі парушае закон - адказваў», - дадаў Лукашэнка.

Нагадаем, 14 снежня ў распараджэнне СМІ патрапіў праект указу «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт». Праект указу значна ўзмацняе жорсткасць нагляду уладаў за інтэрнэт-карыстальнікамі і ўводзіць шэраг новых умоваў функцыянавання Байнэту.

У скандальным дакуменце ідзе гаворка пра блакаванне сайтаў паводле рашэння дзяржаўных органаў, ідэнтыфікацыю карыстальнікаў Сеткі, прыцягненне да адказнасці распаўсюднікаў інфармацыі ў інтэрнэце, а таксама дзяржаўнай рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ.

Паводле першапачатковага праекту ўказу, хостынг беларускіх рэсурсаў абавязкова пераносіцца ў Беларусь, а каб выйсці ў інтэрнэт нават па беспарольным доступе, беларусам прыйдзецца спачатку прыйсці да правайдэра з пашпартам.

Дыктатар супраць інтэрнэту: хто каго?

Беларуская ўлада хоча абвесціць вайну інтэрнэту. Ці гатовыя мы пастаяць за сябе?

Паважаныя чытачы! Падзеі ў нашай краіне развіваюцца такім чынам, што беларускі інтэрнэт як астравок адноснага вальнадумства і незалежнай інфармацыі можа перастаць існаваць у самы найбліжэйшы час.

Вы можаце сутыкнуцца з тым, што выйсці на сайт charter97.org і іншыя незалежныя навінавыя рэсурсы ў самы найбліжэйшы час стане немагчыма. Сваім указам дыктатар хоча ўвесці татальную цэнзуру ў беларускай Сетцы. За апошнія 15 гадоў у Беларусі былі зачыненыя дзясяткі незалежных газетаў, радыёстанцыяў, тэлеканалаў і тэлеперадачаў, вынікам чаго стала поўная дэградацыя дзяржаўнай інфармацыйнай прасторы. Як нядаўна прызнаўся сам Лукашэнка, глядзець «па беларускіх тэлеканалах практычна няма чаго, а радыё ніхто не слухае».

Амаль уся незалежная журналістыка сышла ў інтэрнэт. Дзякуючы магчымасці аператыўнай зваротнай сувязі Байнэт стаў цэнтрам гарачага абмеркавання самых надзённых праблемаў, часта такіх, на якія ўлады традыцыйна заплюшчваюць вочы. Непадцэнзурны беларускі інтэрнэт з'яўляецца адзіным спосабам грамадзянскага кантролю ў краіне. Сёння ўлады рыхтуюць нам усім «кітайскі варыянт». Плануецца блакаванне непажаданых сайтаў, увядзенне кантролю практычна над кожным карыстальнікам Сеткі, крымінальны і адміністрацыйны пераслед распаўсюднікаў «шкоднай» інфармацыі.

Мы звяртаемся да вас, дарагія сябры! У выпадку блакавання ўладамі нашага і іншых незалежных сайтаў, ведайце: дыктатар абвесціў вайну інтэрнэту і злавесны ўказ уступіў у дзеянне.

Не вагайцеся доўга!

Беларускія чытачы, у гэты ж дзень выходзіце ў 18 гадзінаў на Кастрычніцкую плошчу Менска з патрабаваннем свабоднага інтэрнэту! Папярэдне паведаміце пра гэта ўсімі магчымымі спосабамі сваім сябрам і знаёмым.

Дарагія беларусы дыяспары і сябры нашай краіны за мяжой! Патрабуйце ад урада сваіх краінаў увядзення самых жорсткіх эканамічных і палітычных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі!

Толькі самыя рашучыя дзеянні дапамогуць нам абараніць нашу свабоду. Ведайце – нас вельмі шмат. Карыстальнікамі беларускага інтэрнэту сёння з'яўляюцца больш за 3 мільёны чалавек.

Не інтэрнэт-блакадзе! За вашу і нашу свабоду!

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках