25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Лабковіч: Палітычным партыям доступ у дзяржаўныя СМІ закрыты

2

Дзяржаўная прэса адмаўляецца публікаваць артыкулы апазіцыйных партый, нягледзячы на тое, што закон гарантуе ім доступ да СМІ.

Аб гэтым адказны сакратар Управы БНФ і праваабаронца Ўладзімір Лабковіч заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97, каментуючы адмову афіцыйнай «Народной газеты» публікаваць артыкул Партыі БНФ «Аб крызісным становішчы ў беларускай эканоміцы».

«Часта вядуцца размовы аб тым, што ў нас у краіне нібыта ўсе маюць роўныя магчымасці для звароту ў СМІ, таксама і прадстаўнікі апазіцыі. Але тое, што заяўляе намглавы адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Пяткевіч, не адпавядае рэчаіснасці. Закон аб палітычных партыях гарантуе ім доступ да СМІ, у першую чаргу – дзяржаўных. А нам адмовілі ў публікацыі артыкула ў «Народной газете», як тыдзень таму адмовілі і ў віцебскай дзяржаўнай газеце», - кажа праваабаронца.

«Гэта яшчэ раз пацвярджае, што ніякіх змен у сферы свабоднага доступу да інфармацыі, якіх патрабуе ад беларускіх улад Еўразвяз, папросту няма. Ніякіх змен не адбываецца», - канстатуе Ўладзімір Лабковіч.

Як ужо паведамлялася, 23 студзеня Партыя БНФ накіравала звароты ў беларускія рэспубліканскія газеты з просьбай апублікаваць зацверджаную на апошнім Сойме Партыі БНФ Пазіцыю «Аб крызісным становішчы ў беларускай эканоміцы».

9 лютага прыйшоў адказ ад галоўнага рэдактара «Народной газеты» Ў.У. Андрыевіча, які адмовіўся публікаваць матэрыял, спаслаўшыся на артыкул 35 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», паводле якога «рэдакцыі па сваім рашэнні адбіраюць і публікуюць адрасаваныя ім лісты. Ніхто не мае права абавязаць рэдакцыю публікаваць адхіленыя ёй матэрыялы».

На мінулым тыдні публікаваць Пазіцыю Партыі БНФ «Аб крызісным становішчы ў беларускай эканоміцы» адмовілася віцебская газета «Віцьбічы».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках