25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алена Аўтуховіч: «Гэта грэх - абвінавачваць нас у тэрарызме…»

4

Калі ў хату ўварваліся байцы «Алмаза», Мікалай Аўтуховіч толькі і сказаў жонцы: «Алёна, збяры мне торбу».

Пра тое, як праходзіла акцыя, сайту «Рэгіён» распавядае Алена Аўтуховіч.

-- Спачатку мы атрымалі позву, што яго ўмоўна-датэрмінова вызваляюць. Судовае паседжанне пройдзе ў 14.30. А ў нядзелю ўварваліся, наляцелі, убіліся яны. Я не ведаю, як гэта назваць, якім словам вызначыць іх з'яўленне на досвітку. Спачатку я пачула сабачы брэх і ўстала паглядзець, што там. І тут урываюцца яны. Схапілі мяне за руку і павялі на другі паверх. Я ім сказала: "Шукайце, толькі я не ведаю, што вы ад нас хочаце".

Аднаго я пазнала, ён быў без маскі. Гэта, здаецца, следчы з Гародні, нейкі Кухарчык. Ён і раней у нас праводзіў ператрус. Сел за стол, дастаў нейкія паперы. Яны былі агрэсіўныя, некаторыя з пісталетамі. Я не ведаю, колькі гэта доўжылася, але шукалі паўсюль. А мы не маглі нават кроку ступіць, сачылі за намі.

Што знайшлі? А вось далі пратакол. Тэлефоны, сім-карты, рэчавыя торбы, дзіцячыя відэакасеты, нават лісты Колі з калоніі. Пасля гэтага яго забралі і павезлі невядома куды. Не кажуць жа, хаваюць. А потым па беларускім тэлебачанні сказалі, што ў нас знайшлі выбухоўку, зброю. Але вось зірніце, пратакол канфіскацыі, у ім пералічана ўсё, што я назвала. Тое, што гэта ілжывае тэлебачанне – не сакрэт і не адкрыццё. Але абвінавачваць нас у тэрарызме, хлусіць да такой ступені - недапушчальна. Гэта - грэх, і за яго кожны Богу заплаціць.

Супрацоўнікі фірмы, дзе працаваў Аўтухович, задаюць пытанні: “Чаму? За што?”. Многія людзі не вышлі на працу з-за перанесенага стрэсу. Раніцай, калі ішла перазменка, супрацоўнікі ў масках уварваліся і туды. Распавядаюць сведкі акцыі:

– Яны з'явіліся на машынах і пешшу. Усе былі ў масках і хутка акупавалі тэрыторыю. Не ведаю, колькі іх было, але шмат, чалавек сорак. Ішлі і ішлі з ўсіх закуткоў.

-- Яны ўсіх кіроўцаў, якія прыйшлі на перазменку, паставілі на расцяжку: ногі на шырыні плеч, рукі - на капот. Абшуквалі не толькі салоны, багажнікі, але і нас саміх.

-- На маршруты таксі не выпускалі, толькі потым, пасля ператрусу, пачалі выганяць па адной машыне. Што шукалі - невядома. На тэрыторыю фірмы заехаў аўтафургон, з яго повыскоквалі людзі і пачалі мінашукальнікам прамацваць усю тэрыторыю. Нічога не знайшлі, падаліся ў офіс. Там таксама нічога не знайшлі, але пазабіралі нават візітоўкі і асабістыя запісы.

-- Сітуацыя была нервовая, асабліва таму, што чалавек не ведае - навошта тут гэтыя людзі. Праца пачалася толькі бліжэй да абеду, і тое выехала толькі палова машынаў. І нават сёння некалькі таксі стаяць, таму што кіроўцы не могуць адысці ад шоку.

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС з дапамогай байцоў спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» арыштавалі лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі. Пасля таго, як у іх кватэрах прайшлі ператрусы, прадпрымальнікаў павезлі ў Менск і даставілі ў турму на Акресціна. Іх абвінавачваць у здзяйсненні падпалу хаты міліцыянта, які адбыўся 5 гадоў таму.

Прадпрымальнікі падазраюцца таксама ў падпале гаража Сяргея Мандыка – былога супрацоўніка падатковай інспекцыі Ваўкавыска. Падпал гаража здарыўся ў 2005 годзе. Вядома таксама, што сваякі арыштаваных прадпрымальнікаў ужо сустрэліся з Мандыкам, і той паведаміў, што ніякіх прэтэнзіяў да арыштаваных не мае.

Афіцыйныя абвінавачванні пакуль не высунутыя.

Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках