25 лiстапада 2024, панядзелак, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З-за крызысу прадпрыемствы адмаўляюцца ад кампутараў і аўтаматыкі

7

З-за зьніжэньня попыту на сваю прадукцыю беларускія прадпрыемствы не толькі скарачаюць працоўны тыдзень, але й пераходзяць на ручны рэжым працы.

Пра гэтыя факты паведамляюць з рэгіёнаў карэспандэнты «Радыё Свабода».

Магілёў

Магілёўскае акцыянэрнае таварыства «Магатэкс» у студзені апынулася ў ліку тых прадпрыемстваў, якія зьнізілі вытворчасьць.

Пад пытаньнем застаецца выкананьне пляну і ў лютым. Прадпрыемства спадзяецца на замовы беларускіх і расейскіх вайскоўцаў. Магілёўскія тэкстыльнікі гатовыя вырабляць тканіну для парашутаў і бронекамізэлек.

Аднак беларускае й расейскія міністэрствы абароны адклалі адпаведныя тэндэры на няпэўны час.

Як удалося высьветліць, калектыў прадпрыемства, у тым ліку й пэрсанал завадзкой управы, працуюць цяпер няпоўны тыдзень. Кіраўніцтва запэўнівае, што скарачаць работнікаў не плянуе.

Тэндэры былі выйграныя, але замоваў не паступае

Цяжкасьці на прадпрыемстве яно зьвязвае зь неспрыяльнай сытуацыяй на замежных рынках тэкстылю. Зь ёю магілёўскія тэкстыльнікі сутыкнуліся яшчэ ў кастрычніку. Тады замежнікі не далі прадпрыемству выканаць сорак адсоткаў выйграных тэндэраў.

«Мы ўсё ж вялікае прадпрыемства й разьлічваем на выпуск вялікага аб’ёму кожнага асартымэнту, аднак цяпер нам даводзіцца брацца за невялікія нават замовы, якія прапануюць, каб папаўняць рынак», — прызнае кіраўнік прадпрыемства Віктар Маціевіч.

У студзені прадпрыемства выканала толькі 43 адсоткі плянаваных аб’ёмаў вытворчасьці. Пад пытаньнем і выкананьне пляну ў лютым.

Прадукцыя «Магатэксу» прадаецца на рынках Расеі, Украіны, Казахстану, Малдовы, Індыі, Манголіі, а таксама ў краінах Эўразьвязу. Прадпрыемства вырабляе 120 відаў тканіны й шэсьцьсот мадэляў вопраткі. На «Магатэксе» працуе больш як 3500 чалавек.

Смаргонь

Працаўнікам Смаргонскай камунальнай гаспадаркі даводзіцца ва ўсім уводзіць жорсткую эканомію, бо нестае сродкаў.

Намесьнік начальніка Смаргонскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Дзьмітры Аксенін распавядае мне, што крызіс закрануў і іхнюю галіну - камунальная гаспадарка адмаўляецца ад кампутараў і аўтаматыкі. Маўляў, даводзіцца эканоміць на ўсім, толькі графік работы зьмяніць немагчыма, бо такая спэцыфіка іх працы — камунальнікі працуюць штодня.

«Зьмяншаем колькасьць аплатаў, эканомім. Зрэшты, і да гэтага эканомілі — электрычнасьць, газ, паліва. А цяпер яшчэ больш жорстка да гэтага ставімся — рэжым найпаўнейшай эканоміі. Як той казаў, пераходзім на ручны рэжым працы», — паведаміў Дзьмітры Аксенін.

Што маецца на ўвазе пад «ручным» рэжымам працы, спадар Аксенін патлумачыў проста: калі ўсё разьвіваецца да лепшага, то паўсюль усталёўваецца аўтаматыка, кампутарызацыя, а ім у сёньняшніх умовах даводзіцца, вобразна кажучы, уручную зачыняць засаўку.

«На гэтую аўтаматыку трэба грошы патраціць, а іх няма, таму й пераходзім на ручное рэгуляваньне. Глядзім па тэрмомэтры, і калі трэба прыкрыць засаўку, то прыкрываем, а калі трэба адчыніць, думаем, адчыняць ці не», — распавёў ён.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках