25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэлегацыю Рады Еўропы рэпрэсаваная моладзь не цікавіць

14

Дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы адмовілася сустрэцца з актывістамі «Маладога Фронту».

Нагадаем, што 14 лютага ў Менску была жорстка разагнаная акцыя «Маладога Фронту», прымеркаваная да Дня святога Валянціна. Супраць удзельнікаў мірнай акцыі быў кінуты АМАП, узброены дубінкамі. Шмат хто з ўдзельнікаў акцыі, уключаючы лідэраў «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча, Мікалая Дземідзенку і Паўла Кур'яновіча, былі збітыя. Акрамя таго, напярэдадні акцыі быў арыштаваны актывіст арганізацыі Арцём Дубскі, раней асуджаны на знакамітым «Працэсе 14-ці» за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Дубскага знялі з цягніка і арыштавалі, калі ён ехаў у Беларусь з Украіны. Зараз ён знаходзіцца ў Бабруйскам СІЗА – яго абвінавачваюць у парушэнні правілаў адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў спецустанову.

Лідэр міжнароднай арганізацыі «Малады Фронт» Зміцер Дашкевіч пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 такі жэст дэпутатаў ПАСЕ.

«Ёсць такое выказванне, якое можна ўжыць да сённяшняга стаўлення Еўропы да Беларусі – «Я падманвацца радая». Мы маглі пераканацца ў рэальнасці беларускай «лібералізацыі» на прыкладзе жорсткага збіцця мірнай акцыі ў Дзень усіх закаханых, ператрусаў кватэраў і арыштаў лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, арышту нашага актывіста Арцёма Дубскага. У той час як супраць беларускай моладзі накіраваны цэлы шэраг рэпрэсіяў, чыноўнікі ПАСЕ нават не запрашаюць нас на сустрэчу».

На думку Зміцера Дашкевіча, Еўропа павінна заявіць пра сваю пазіцыю ў стаўленні да рэжыму Лукашэнкі.

«Еўропе трэба разабрацца, чаго яна хоча: дыялогу з дыктатарам любым шляхам, альбо падтрымання каштоўнасцяў дэмакратыі і маралі ў Беларусі. Калі ім патрэбны першы варыянт, мы яго прымаем да ўвагі. Проста агучце сваё жаданне. Але складаецца такое адчуванне, што Еўропа хоча і таго, і іншага. Аднак гэта немагчыма. Канструктыўных зменаў у Беларусі не адбываецца. Калі Лукашэнка зразумее, што выгады ад адносінаў з Еўропай ён больш не даб'ецца, для Беларусі ўсё скончыцца яшчэ больш цяжкімі рэпрэсіямі».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках