25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кватэрнае» пытанне вырашанае: Хату спалілі, гаспадара арыштавалі (Фота, відэа)

41

Хату на праспекце Дзяржынскага ў Менску, якая перашкаджала будаўніцтву метро, сёння папросту спалілі.

З-за няўзгодненых дзеянняў метрабудаўнікоў згарэла хата Васіля Хадзькова, які пратэставаў супраць таго, што яго высяляюць без давання асобнай кватэры.

17 лютага Васіль Хадзькоў зачыніўся ў хаце і запаліў у печы. Ён хацеў прыцягнуць увагу менчукоў дымам да сваёй праблемы.

Нагадаем, што з-за будаўніцтва лініі метро ўздоўж праспекта Дзяржынскага ў Хадзькова забралі хату разам з зямельным участкам, а наўзамен вылучылі двухпакаёвую кватэру. Аднак не асабіста Хадзькову, а разам з былой жонкай і яе пяцігадовым сынам. Перасяляцца Васіль Хадзькоў адмовіўся і падаў у суд. Але суд стаў на бок гарадскіх уладаў і пастанавіў выселіць Васіля Хадзькова ў прымусовым парадку.

Сёння да хаты Хадзькова прыехалі супрацоўнікі міліцыі, а таксама ізноў пад'ехала будаўнічая тэхніка. Васіля Хадзькова сілай зацягнулі ў міліцэйскі «варонак» і адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна Менска.

Тым часам хату сталі зносіць. Кіраваў зносам хаты адказны працаўнік «Дырэкцыі будаўніцтва метро» Сяргей Няўразь. Вялікі бульдозер «Амкадор» знес палову хаты, у тым ліку і печ, якая не паспела астыць, паведамляе «Радыё Свабода».

Праз некалькі хвілінаў у развалінах з'явілася полымя, якое хутка перарасло ў паўнавартасны пажар. Тушыць хату, якая палала, прыехалі тры пажарныя машыны, аднак хата Хадзькова за лічаныя хвіліны згарэла цалкам. Пры гэтым маглі пацярпець і пажарнікі: будаўнікі своечасова не адключылі кабель, па якім у хату паступала электрычнасць.

За тое, што менчук адмовіўся пакідаць сваю хату, яго ўжо затрымлівалі на днях супрацоўнікі міліцыі. Супраць Хадзькова складзены пратакол за «аказанне супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў».

Фота «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках