25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША не здымуць санкцыі, калі сітуацыя ў Беларусі не зменіцца

19

Часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур пракаментаваў сітуацыю з санкцыямі, уведзенымі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Пры прыняцці ў сакавіку 2009 года рашэння адносна санкцыяў супраць прадпрыемстваў беларускага дзяржканцэрна «Белнафтахім» ЗША будуць улічваць тое, што фундаментальна сітуацыя ў Беларусі за апошнія паўгады не змянілася, заявіў у інтэрв'ю ПРАЙМ-ТАС часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі.

Раней, у верасні 2008 года ўпраўленне па кантролі над замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) прыняла рашэнне дазволіць на перыяд 180 дзён (да 2 сакавіка 2009 года) транзакцыі паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ЗША і беларускімі кампаніямі ААТ «Лакафарба» і ААТ «Полацк-Шкловалакно».

«Рашэнне адносна санкцыяў (пасля 2 сакавіка) у Вашынгтоне яшчэ не прынятае. Аднак калі сітуацыя ў Беларусі фундаментальна будзе такой жа, як і ў верасні 2008 года, хутчэй за ўсё, рашэнне можа быць аналагічным», — сказаў дыпламат.

Пры гэтым ён адзначыў, што з верасня 2008 года ўлады Беларусі зрабілі «некаторыя пазітыўныя крокі» у сферы правоў чалавека і свабодаў. «Але фундаментальныя пытанні, якія выклікаюць нашую занепакоенасць, засталіся нязменнымі», — дадаў ён.

Пры гэтым Мур падкрэсліў, што «калі б ўлады Беларусі зрабілі больш значныя пазітыўныя крокі, дык рэакцыя адміністрацыі ЗША была б значна больш пазітыўнай».

Часовы павераны таксама адзначыў, што інфармацыю пра тое, якое рашэнне будзе прынята ўладамі ЗША адносна санкцыяў супраць дзяржканцэрна «Белнафтахім», агучыць Міністэрства фінансаў ЗША. «Думаю, гэта адбудзецца 2 сакавіка альбо незадоўга да гэтага», — дадаў Джонатан Мур.

Прызнанне Беларуссю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі стала б вельмі негатыўным момантам

Джонатан Мур таксама адзначыў, што прызнанне Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі стала б вельмі негатыўным момантам ва ўзаемаадносінах з ЗША.

«Некаторыя крокі Беларусі маглі б палепшыць альбо, наадварот, пагоршыць нашыя адносіны. Так, вызваленне Эмануіла Зельцэра (грамадзяніна ЗША, асуджанага за камерцыйны шпіянаж) выклікала б спрыяльную рэакцыю ЗША. З іншага боку, калі б Беларусь прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, гэта было б вельмі негатыўным крокам», - сказаў дыпламат.

«Беларускаму боку вельмі добра вядомая наша пазіцыя па гэтых двух пытаннях», -дадаў Дж.Мур.

Ён таксама адзначыў, што амерыканскі лекар, які ў студзені наведваў Э.Зельцэра ў турме, «настойліва рэкамендаваў яго неадкладнае вяртанне ў ЗША для правядзення аперацыі з мэтай захаваць жыццё».

«Беларускі бок разумее, што гаворка ідзе пра прыватную амерыканскую асобу. І няма сувязі паміж спадаром Зельцэрам і палітыкай ЗША. Аднак знаходжанне амерыканскага грамадзяніна ў зняволенні, якое пагражае яго жыццю, выклікае ў нас глыбокую занепакоенасць», - дадаў часовы павераны.

Грамадзянін ЗША Э.Зельцэр быў арыштаваны ў Менску ў сакавіку 2008 г. Паводле інфармацыі амбасады ЗША у Беларусі, у жніўні Менскім гарадскім судом ён быў прызнаны вінаватым нібыта ў камерцыйным шпіянажы і выкарыстанні падробленых дакументаў. Э.Зельцэр быў прысуджаны да трох гадоў турэмнага зняволення.

Прыпыненне ЗША санкцыяў у верасні 2008 года супраць кампаніяў ААТ «Лакафарба» і ААТ «Полацк-Шкловалакно» стала вынікам рашэння ўладаў Беларусі вызваліць з турмы трох палітвязняў.

Раней, 13 лістапада 2007 года, Мінфін ЗША замарозіў банкаўскія рахункі дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім» і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, на Украіне, у Расеі і Кітаі, што знаходзіліся пад юрысдыкцыяй ЗША, а таксама рахункі даччынай кампаніі Belneftekhim USA.

У адказ на санкцыі Беларусь 7 сакавіка 2008 года адклікала ў Менск для кансультацыяў амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова. Адначасова Беларусь настойліва прапанавала амбасадару ЗША Карэн Сцюарт пакінуць Беларусь з той жа мэтай. Яна зрабіла гэта 12 сакавіка.

Акрамя таго, Беларусь запатрабавала скарачэння амерыканскай дыпламатычнай прысутнасці ў Менску, а таксама скараціла беларускую ў ЗША.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках