25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «За візітам Саланы ў Беларусь бачны цень Мюнхена 1938 года»

37
Андрэй Саннікаў: «За візітам Саланы ў Беларусь бачны цень Мюнхена 1938 года»

«Лукашэнка як падманваў Еўропу сваімі пустымі абяцанкамі, так і будзе працягваць гэта рабіць», -- заявіў адзін з лідэраў беларускай апазіцыі Андрэй Саннікаў.

«Хаўер Салана – вопытны, кваліфікаваны дыпламат, палітык і міжнародны чыноўнік. Ён вельмі добра ведае беларускую сітуацыю, неаднаразова рабіў заявы з нагоды найгрубейшых парушэнняў правоў чалавека і адсутнасці дэмакратыі ў Беларусі. Ён невыпадковы візіцёр, які прыехаў у Менск і, захапляючыся чысцінёй горада, рабіў заявы аб росквіце дэмакратыі ў Беларусі. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ прыехаў у Менск для сустрэчы з апошнім дыктатарам Еўропы, цудоўна ўсведамляючы тое, куды ён едзе і што ён будзе рабіць», -- упэўнены лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Таму, лічыць палітык, ацэньваць візіт у Менск вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па пытаннях агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі трэба па самых сур'ёзных крытэрах.

«Салана прыехаў для сустрэчы з Лукашэнкам і для заключэння з існуючым рэжымам пэўных дамоўленасцяў. Гэтыя дамоўленасці не маюць нічога агульнага з дэмакратыяй ці абаронай правоў чалавека. Не пераследуюць яны мэты паляпшэння сітуацыі ў Беларусі. Яны накіраваныя на прызнанне дзеянняў дыктатара і на выбудоўванне адносінаў афіцыйнага Менска з еўрапейскімі чыноўнікамі і бізнэсмэнамі. Лукашэнка як падманваў Еўропу сваімі пустымі абяцанкамі, так і будзе працягваць гэта рабіць, затое яго магчымасці гэта рабіць у Еўропе, дзякуючы Салану, сёння значна ўзраслі», -- лічыць Саннікаў.

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» нагадаў, што першы кантакт з Лукашэнкам ў Саланы адбыўся па тэлефоне 24 верасня мінулага года, калі вярхоўны прадстаўнік ад імя ЕЗ заявіў, што правядзенне так званых выбараў у Беларусі стане крытэрам будучых адносінаў Беларусі з Еўропай.

«Што за гэтым адбылося, мы добра ведаем. Лукашэнка ўспрыняў тэлефонную гутарку з Саланам як добры знак і як ухваленне сваёй палітыкі. Можна меркаваць, што адбудзецца пасля вочнай сустрэчы Лукашэнкі з еўрапейскім чыноўнікам.

За візітам Саланы выразна бачны цень Мюнхена 1938 года. У той час брытанскі прэм'ер Чэмберлен, падпісаўшы дамовы з Гітлерам і Мусаліні, радасна ўсклікнуў у Лондане: «Я прынёс вам мір!». Сёння гэтыя дамовы называюць «мюнхенскай змовай» і «чорнай плямай» у гісторыі Еўропы. Высокі еўрапейскі чыноўнік прыехаў у Беларусь, нягледзячы на тое, што першапачатковая ўмова ЕЗ для кантакту з беларускім рэжымам – адсутнасць палітычных зняволеных і палітычных рэпрэсіяў – Лукашэнкам не выконваецца.

Візіт Саланы паказвае, што не толькі Беларусі, але і Еўропе патрэбныя перамены, што палітыка мінулага не прынясе ніякіх вынікаў. Беларусь стане еўрапейскай і дэмакратычнай краінай, як бы гэтаму не супраціўляліся рэжым Лукашэнкі і некаторыя еўрапейскія чыноўнікі. Саланы і лукашэнкі сыходзяць – Еўропа і Беларусь застаюцца», -- заявіў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках