25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: Наступным арыштаваным можа стаць любы ўдзельнік «Працэсу 14-ці»

1

Вядомы беларускі праваабаронца пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 арышт непаўнагадовага ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Максіма Дашука.

«Сёння стала вядома, што быў узяты пад арышт чарговы палітвязень Максім Дашук, -- распавёў Валянцін Стэфановіч. -- Важна адзначыць, што непаўнагадовых па палітычных матывах у Беларусі не арыштоўвалі са справы «Шыдлоўскага-Лабковіча» (Непаўнагадовыя Аляксей Шыдлоўскі і Вадзім Лабковіч былі арыштаваныя 25 жніўня 1997 года за нанясенне «палітычных» графіці на сценах дамоў горада Стоўбцы Менскай вобласці, а таксама зняццё дзяржаўнага сцяга з будынка Стаўбцоўскага райвыканкама – заўв. Хартыі’97). А Дашука і Дубскага «бралі» менавіта па палітычных матывах. Яны пераследваліся за тое, што ўдзельнічалі ў акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года. За тое, што выказвалі сваю пазіцыю, ажыццяўлялі сваё права на свабоду выказванняў».

Вядомы праваабаронца лічыць, што ў кантэксце апошніх арыштаў пад пытаннем і лёс астатніх удзельнікаў «Працэсу 14-ці».

«Тое ж самае, што сёння здарылася з Максімам Дашуком, можа здарыцца з любым былым палітвязнем. Любы крок можа быць ацэнены як ухіленне ад правілаў адбыцця пакарання: любое спазненне, любая правіннасць. Патэнцыйна, наступным арыштаваным можа стаць любы ўдзельнік «Працэсу 14-ці».

Як распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Валянцін Стэфановіч, беларускія праваабаронцы маюць намер звяртацца ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі па пытанні з'яўлення новых палітвязняў у Беларусі.

«Кароткі перыяд часу, калі ў Беларусі не было палітвязняў, вельмі хутка скончыўся, -- сказаў Валянцін Стэфановіч. -- На сённяшні дзень мы маем 5 новых палітвязняў. І гэтая тэндэнцыя вельмі нас трывожыць».

Нагадаем, што сёння быў арыштаваны актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», удзельнік «Працэсу 14-ці» Максім Дашук. Супраць яго ўзбуджаная Крымінальная справа па артыкуле 415 КК РБ – «ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Апазіцыянера змясцілі ў следчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкама на вуліцы Валадарскага.

Адзначым, што «Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі. Зараз усе яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі строгім наглядам, і пры самым малым парушэнні ў кожны момант могуць быць пазбаўленыя волі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках