25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» патрабуюць вызваліць палітвязняў (Фота)

Акцыя з патрабаваннем вызваліць новых беларускіх палітвязняў прайшла ўчора ўвечары ў цэнтры Менска, на праспекце Незалежнасці.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» сталі ў шэраг ля ўваходу ў будынак галоўпаштамта. У руках яны трымалі партрэты Максіма Дашука і іншых палітвязняў, якія з'явіліся ў нашай краіне ў апошні месяц – Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага. Маладыя людзі гучна скандавалі «Свабоду Дашуку!», «Свабоду палітвязням!», піша сайт jeans-by.com.

Шматлікія мінакі цікавіліся, хто намаляваны на партрэтах, уступалі ў гутаркі з актывістамі кампаніі.

Акцыя працягвалася больш за паўгадзіны, але ў гэты раз супрацоўнікаў міліцыі на месцы яе правядзення не было.

Нагадаем, 24 лютага ўдзельніка «Працэсу 14-ці», непаўнагадовага актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Дашука перавялі са следчага ізалятара і пад «хатні арышт» да пачатку судовых разглядаў. З маладога чалавека ўзятая падпіска аб невыяздзе. Максіма Дашука абвінавацілі ў парушэнні парадку адбыцця пакарання, вынесенага яму разам з астатнімі апазіцыянерамі ў красавіку мінулага года за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. У той жа дзень апазіцыянера змясцілі ў следчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкама на вуліцы Валадарскага.

У Бабруйскам СІЗА таксама знаходзіцца яшчэ адзін удзельнік «Працэсу 14-ці», актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі, якога таксама вінавацяць у парушэнні правілаў адбывання пакарання.

У лютым у Ваўкавыску былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка. Аўтуховіч і Лявонаў – былыя палітвязні, раней прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках