25 лiстапада 2024, панядзелак, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады могуць экспрапрыіраваць 300 камерцыйных кватэраў

12

У Менску не прададзена не больш за 300 пабудаваных камерцыйных кватэраў. Цяпер яны могуць апынуцца ў руках дзяржавы.

Па інфармацыі кіраўніка асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалая Прасталупава, на дадзены момант у Менску, ва ўжо ўведзеных у эксплуатацыю дамах, непрададзенымі застаюцца не менш за 300 кватэраў. «Гэта менш за 3% ад усяго камерцыйнага жылля сталіцы. Зразумела, што для чаргавікоў гэта кропля ў моры», – сказаў БелаПАН эксперт.

Калі яны так і не будуць прададзеныя, дзяржава можа іх канфіскаваць. Аднак, як лічыць Мікалай Прасталупаў, вялікага эфекту ад канфіскацыі камерцыйных пустуючых кватэраў для патрэбаў чаргавікоў не будзе.

Па словах Прасталуава, мэта гэтых намераў цалкам зразумелая — прымусіць забудоўнікаў знізіць кошты на жыллё.

«Дзяржава ўжо спрабавала рэгуляваць гэтую праблему адміністрацыйнымі мерамі, -- кажа эксперт. -- Узгадайце хаця б ўказ аб долевым будаўніцтве, калі прыбытак забудоўнікаў абмежавалі пяццю адсоткамі. Гэта прывяло да таго, што долевае будаўніцтва сышло з рынка, а кошты на кватэры ўзняліся ў два разы».

Кіраўнік асацыяцыі лічыць, што калі дзяржава рэалізуе свае пагрозы ў адрас камерцыйных забудоўнікаў, сітуацыя ў чымсьці можа паўтарыцца. «Прынамсі, тэндэнцыі падзення коштаў на камерцыйнае жыллё пагражае спыненне, а ў горшым выпадку гэты працэс проста павернецца назад», — адзначае ён.

Эксперт мяркуе, што камерцыйнае будаўніцтва можа «сысці ў цень»: гатовыя кватэры могуць быць прададзеныя па зніжаным кошце, але не на рынку, а знаёмым і супрацоўнікам; тэрміны здачы дамоў, якія ўжо будуюцца, будуць на розных падставах зацягвацца, а новыя будоўлі могуць быць проста замарожаныя.

На думку Мікалая Прасталупава, вырашаць праблему неабходна цывілізаваным шляхам – зніжаць кошт будматэрыялаў і адначасова падвышаць плацежаздольнасць насельніцтва.

«Але сёння жыллёвыя крэдыты вельмі дарагія, і гэта ўжо прывяло да таго, што ў Менску каля 50% патэнцыйных пакупнікоў адмовіліся ад прыгледжаных кватэраў, – кажа эксперт. – А без крэдыту хто знойдзе 62-65 тысячаў даляраў, каб набыць двухпакаёвую кватэру?»

Нагадаем, 24 лютага падчас наведвання Менскага маторнага заводу Лукашэнка заявіў: «Мы прымусім бізнэс прадаць пабудаванае жыллё. Калі бізнэсмэны на працягу першага квартала не рэалізуюць гэтыя плошчы, дык мы іх канфіскуем і аддамо чаргавікам. І хай радуюцца, калі мы ім заплацім па сабекошце».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках