25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У позве дня еўрапейскіх амбудсменаў – новыя палітвязні Беларусі

2

Упаўнаважаныя па правах чалавека еўрапейскіх краінаў запатрабуюць у беларускіх уладаў тлумачэнняў у сітуацыі з новымі палітвязнямі. «Лукашэнка сам павінен ухіліць перашкоды, створаныя ягонай жа палітыкай у галіне правоў чалавека", -- заяўляюць яны.

25—27 лютага Беларусь наведаюць упаўнаважаныя па правах чалавека Германіі, Даніі, Нідэрландаў і Фінляндыі. Менск прыязджаюць упаўнаважаныя па правах чалавека Германіі Гюнтэр Ноке, Даніі — Арнольд Крысціян дэ Фін Скібстэд, Нідэрландаў — Ар’ян Хамбургер і Фінляндыі — Гнеда Кахілуота.

Удзельнікі дэлегацыі маюць намер прааналізаваць цяперашняе становішча з правамі чалавека ў Беларусі. Як піша «Нямецкая хваля», іх меркаванне будзе ўлічанае пры прыняцці Еўразвязам у красавіку рашэння аб лёсе раней прыпыненых санкцый у адносінах беларускіх дзяржчыноўнікаў.

Як паведаміў Упаўнаважаны федэральнага ўрада Германіі па правах чалавека Гюнтэр Ноке, удзельнікі дэлегацыі ведаюць аб тым, як ідуць справы з захаваннем правоў чалавека ў Беларусі, з дакладаў МЗС ФРГ, нямецкай амбасады, а таксама з паведамленняў аб працы няўрадавых арганізацый у краіне. Таму ў позве дня візіту значацца пэўныя пытанні, сярод якіх і нядаўняе прад'яўленне абвінавачванняў тром былым прадпрымальнікам з Ваўкавыска, і судовы разгляд па «Працэсу 14-ці».

«Нам важна ведаць як аб станоўчых зменах, так і аб парушэннях правоў чалавека. Толькі ў гэтым выпадку можна скласці агульную праўдзівую карціну, на аснове якой і будзе прымацца рашэнне аб санкцыях у адносінах беларускіх чыноўнікаў», - адзначыў Гюнтэр Ноке.

Па меркаванні нямецкага амбудсмена, Еўразвяз дагэтуль знаходзіцца ў нерашучасці адносна таго, як будаваць далей адносіны з афіцыйным Менскам. «Недастаткова проста сказаць, што мы не хочам ствараць перашкоды на шляху Беларусі, напрыклад, у Раду Еўропы. Наадварот, для нас важна даць зразумець, што Лукашэнка сам павінен ухіліць перашкоды, створаныя ягонай жа палітыкай у галіне правоў чалавека», - заявіў Гюнтэр Нооке.

Ён лічыць, што Еўропа імкнецца пазбегнуць уражання, што ЕЗ, быццам бы, гатовы пайсці на саступкі беларускім уладам дзеля нейкіх уласных інтэрасаў. Пры гэтым Нооке падкрэсліў, што ўсе паездкі еўрапейскіх палітыкаў і праваабаронцаў у Беларусь прадугледжваюць адну мэту: па іхніх выніках павінен быць прадстаўлены аб'ектыўны і аргументаваны даклад, які і дапаможа вырашыць пытанне аб адмене, наступным прыпыненні альбо аднаўленні санкцый у адносінах беларускіх дзяржчыноўнікаў. Рашэнне на гэты конт будзе прынятае на саміце міністраў замежных спраў краін-сябраў Еўразвяза 16 сакавіка.

Нагадаем, што ў лютым у Ваўкавыску былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка. Аўтуховіч і Лявонаў – былыя палітвязні, раней прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. 13 лютага ў Гомелі з цягніка, які рухаўся з Украіны, быў зняты ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі. Ён быў арыштаваны і зараз знаходзіцца ў бабруйскім СІЗА. Яго вінавацяць нібыта ў парушэнні правілаў адбывання пакарання. 23 лютага быў арыштаваны яшчэ адзін удзельнік «Працэсу 14-ці» непаўнагадовы Максім Дашук. 24 лютага, яго перавялі з ізалятара часовага ўтрымання пад «хатні арышт» да пачатку судовых разглядаў. Яго таксама вінавацяць у парушэнні правілаў адбывання пакаранняў.

Адзначым, што «Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў адносінах ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 год калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай камппніі “Еўрапейская Беларусь” Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка па 9 снежня 2008 года да суда ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павел Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да палутара год абмежавання волі.

Зараз усе яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі строгім наглядам, і пры малым парушэнні ў любы момант могуць быць пазбаўленыя волі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках