25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

30 тысяч берасцейскіх швачак могуць пазбавіцца працы

6

Швейныя прадпрыемствы Берасця на мяжы банкруцтва. Заробкі паніжаныя ўдвая.

Брэнд «Брэсцкі трыкатаж», пад якім выступалі ўсе швейныя прадпрыемствы горада, у большай ступені быў арыентаваны на расейскі рынак. Па назіраннях спецыялістаў, занятых у гэтай сферы, пакупная здольнасць патэнцыйных кліентаў з Расеі скарацілася ў два разы. Зімовая калекцыя 2008-2009 была распрададзеная толькі на 70%, піша «Вечерний Брест».

У другой палове снежня пайшоў спад пакупальніцкага попыту. Расейцы перасталі заказваць тавар.Грошы на рахункі пераважнай большасці берасцейскіх швейных фірм не паступілі. Калі ўлічыць, што ў Берасці працуюць каля 450 швейных прадпрыемстваў са штатам прыкладна 80 чалавек кожнае, то ў полі падвышанай рызыкі апынуліся больш за 30 000 чалавек.

Каб выратаваць прадпрыемствы ад банкруцтва, гаспадары ідуць па двух асноўных шляхах, з якіх абодва - не папулярныя. Першы - скарачэнне колькасці працоўных і нават спробы прадаць бізнэс.

Другі непапулярны шлях выжывання - перавод супрацоўнікаў на скарочаны працоўны тыдзень. Пры гэтым офісныя працаўнікі недалічацца 20-30 адсоткаў ад звыклай заработнай платы. Але больш за іншых пацерпяць яшчэ нядаўна такія дэфіцытныя швачкі.

Сярэдняя заработная плата швачак некалькі месяцаў таму вагалася ў межах 500 даляраў. У высокі сезон дасведчаная працаўніца магла зарабіць і 600 у. а. Тыя, хто зараблялі больш за сваіх мужоў, маглі з поўным правам на хатняй нарадзе «заказваць музыку». У новых умовах, па інфармацыі прадстаўнікоў дырэктарскага корпуса берасцейскіх швейнікаў, сярэдняя заработная плата швачкі ў бліжэйшыя месяцы ўпадзе да 250 $.

Лісты з рэдакцыйнай пошты «Вечернего Бреста»

«Крызіс ужо адчуваецца. Вольнага часу больш, грошай - менш. У нас прыватная швейная фірма. Па берасцейскіх мерках, сярэдняя. Нам ужо абвясцілі аб будучым паніжэнні заробку. Кліенты патрабуюць памяншэння коштаў. Не дзіва, у Расеі даляр быў 25 рублёў, зараз 36, а нашая жа прадукцыя арыентаваная менавіта на расейскі рынак. У такім жа становішчы і іншыя берасцейскія фірмы, нават горш, камусьці затрымалі заробкі, чаго раней не было. Забяспечыць працай на вялікіх прадпрыемствах 10 брыгад складана, зараз працуюць толькі на замову, склад не затарваюць. Я не маркочуся, наш дырэктар - сур'ёзны чалавек, здолеем. Але пакуль вымушаны адпачынак».

***

«Швачкі Берасця ўжо тры месяца без працы. Як выжыць такому войску беспрацоўных? Знайсці ў горадзе іншую працу немагчыма!»

***

«На нашым прадпрыемстве працуем па чарзе: адна брыгада працуе, іншая адпачывае. Прадукцыю не бяруць, а за памяшканне ўсё роўна плаціць трэба. Тканіну на вясну-лета фірмы ўжо зараз павінныя замовіць і аплаціць. Толькі колькі браць і чым аплочваць? Кошты на тканіну саступаць не хочуць, а мы прадукцыю па сабекошце аддаем, абы не вісела мёртвым грузам. Пачытайце аб'явы ў газетах Берасця: «Прадаецца дзейснае швейнае прадпрыемства», «Швейнае прадпрыемства здае ў арэнду плошчу»… Прадаецца ўсё: памяшканні, абсталяванне… Жах! Што будзе са швачкамі? Шматлікія ездзяць працаваць у Берасце з Кобрына, Астрамечава... А куды выпускніцы пасля вучобы пойдуць? Толькі ў Берасці ажно тры навучальныя ўстановы для нашага бізнэсу кадры куюць!»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках