25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Еўраньюс» даў эфір апошняму дыктатару Еўропы (Відэа)

58

У чацвер увечары тэлеканал «Еўраньюс» паказаў 8-хвіліннае інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнка.

Пра тое, што Аляксандра Лукашэнку лічаць менавіта «апошнім дыктатарам Еўропы» нагадаў дыктар тэлеканала. «Доўгі час адносіны Беларусі з Захадам заставаліся нацягнутымі, шмат у чым з-за жорсткай манеры кіравання Аляксандра Лукашэнкі, якога нават называлі апошнім дыктатарам Еўропы. Сёння адзін з палітычных доўгажыхароў постсавецкай прасторы кажа пра перамены. Аднак, наладжваючы супрацоўніцтва з Еўропай, ён не адмаўляецца ад саюза з Расеяй», -- паведаміў голас за кадрам.

Адказы Лукашэнкі гучалі, як заўсёды, адыёзна. Так, на пытанне адносна ўціску ў Беларусі свабоды слова, ён адказаў:

«Вы ведаеце, мы вядзем дыялог, у тым ліку, і па гэтых пытаннях. Што датычыць сродкаў масавай інфармацыі, я лічу, што нічога не трэба забараняць – хай людзі чытаюць. Яны ведаюць прэзідэнта, у іх склалася пэўнае меркаванне за 13 гадоў пра прэзідэнта, у нас ёсць празрыстае дакладнае заканадаўства. Распрацаванае на стандартах Еўропы: Францыі, Нямеччыны, Англіі. Мы нічога не выдумлялі. І калі нас пачыналі крытыкаваць, мы ім паказвалі, адкуль гэтыя нормы канстытуцыі… Чаго нас за гэта крытыкаваць?!».

Нагадаем, што сёння ў краіне дазволеныя да распаўсюду толькі дзве газеты з мізэрнымі тыражамі, дзясяткі газетаў зачыненыя, пакінутыя 13 не могуць распаўсюджвацца па падпісцы і праз кіёскі «Белсаюздрука».

Лукашэнка таксама прызнаўся, што яго яшчэ не запрасілі на саміт Еўразвяза ў Прагу.

«Што датычыць Прагі, я лічу, што гэта непрынцыпова, хто паедзе ў Прагу: я паеду, яшчэ хтосьці паедзе… Мы, дарэчы, пра гэта пакуль не думалі, і запрашэнняў не атрымлівалі», -- сказаў ён.

Пра «парламенцкія выбары», якія прайшлі ўвосень мінулага года і якія АБСЕ прызнала несвабоднымі і недэмакратычнымі, дыктатар заявіў:

«Што датычыць выбараў, мы выбары ў Беларусі праводзілі так, як нам паказвала Еўропа. Вось яны прыязджалі да нас… ад Еўразвяза, ад АБСЕ, і кажуць: «Вы ведаеце, у вас вось гэта не так, трэба – так». Добра, будзе так! Якая краіна сабе можа дазволіць праводзіць выбары, парушаючы ўласнае заканадаўства? Ніякая. Мы парушылі ўсё! Але рабілі па паняццях Еўрапейскага Звяза».

Лукашэнка таксама пракаментаваў планы Расеі будаваць трубаправоды ў абыход Беларусі.

«Што датычыць транзіту, дык самы зручны і кароткі, кароткае плячо транзіту, гэта Беларусь. Нават праз Украіну, калі пастаўляць, дык гэта значна даражэй. Не кажучы ўжо пра «Паўночную плынь». Гэта стратны праект. Але гэта справа Расеі».

Адносна прызнання Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі было сказана:

«Што датычыць Абхазіі і Асеціі, я ўжо некалькі разоў пра гэта казаў, у нас ёсць у гэтым плане свая пазіцыя. Мы не дапусцім ніякага ціску ні з боку Еўропы, ні з боку Расеі. У нас абраны «парламент», ён абмяркуе гэтае пытанне ў межах нашага заканадаўства, унясуць прапановы, і мы вырашым гэтую праблему. Але гэта ніяк не было звязана з гэтымі крэдытамі.

Мы прапанавалі на апошніх перамовах расейцам, каб расейскі рубель ужо зараз рабіў крокі да таго, каб стаць сапраўднай паўнавартаснай рэгіянальнай валютай. Вы дайце нам крэдыт для таго, каб мы маглі ў першы час вам жа гэтымі грашыма заплаціць за пастаўкі энергарэсурсаў. Вось, з чым гэта звязана. У нас добрыя адносіны, і мы ганарымся тым, што ў нас добрыя адносіны з расейцамі».

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках