25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністэрства інфармацыі пакідае інтэрнэт рэсурсы ў «падвешаным» стане (Відэа)

2

Мініінфармацыі пакуль не мае намеру рэгістраваць інтэрнэт-рэсурсы ў якасці сродкаў масавай інфармацыі. Аб гэтым на брыфінгу 6 лютага паведаміла намеснік міністра Лілія Ананіч.

"Мы не будзем рэгістраваць інтэрнэт-СМІ, паколькі такога паняцця няма ў заканадаўстве. Закон аб друку, які ўступае ў сілу 8 лютага, не рэгулюе парадак рэгістрацыі і распаўсюджвання такіх сродкаў масавай інфармацыі. У міністэрстве не ідзе ніякай працы па стварэнні палажэння па рэгуляванні дзейнасці падобных выданняў, бо пакуль у гэтым няма неабходнасці", — сказала Л.Ананіч.

Па суб'ектыўным меркаванні намміністра, інтэрнэт-СМІ у Беларусі ўжо ёсць, але, як яна заявіла, пакуль няма ніякіх заканадаўчых актаў аб іх дзейнасці.

Нагадаем, што 8 лютага ўступае ў сілу новы закон аб СМІ. Раней паведамлялася, што закон уводзіць рэгістрацыю «СМІ, што распаўсюджваюцца праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт». Гэтая рэгістрацыя і дзейнасць СМІ павінныя былі рэгулявацца пастановамі Савета міністраў Беларусі. Дзейнасць любога незарэгістраванага інтэрнэт-СМІ магла бы быць прыпыненая.

Тым не менш, новы закон забараняе рэгістрацыю СМІ, частка замежнага капіталу ў якіх перавышае трыццаць адсоткаў. Для распаўсюджвання замежнага выдання на тэрыторыі краіны цяпер запатрабуецца адмысловы дазвол. Уводзіцца абавязковая акрэдытацыя журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі.

Спіс парушэнняў, за якія ў адрас рэдакцыі можна вынесці папярэджанне, дастатковае для прыпынення выдання друкаванага органа, у законе паказаны даволі туманна, адказнасць СМІ цяпер будзе надыходзіць у выпадку «распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтэрасам». Вынесці жа такое папярэджанне можа суддзя, пракурор або нават чыноўнік раённай адміністрацыі.

Усталявана, што ўсе зарэгістраваныя сродкі масавай інфармацыі падлягаюць уключэнню ў дзяржаўны рэестр СМІ, вядзенне якога ўскладзенае на Міністэрства інфармацыі.

Аляксандру Лукашэнку падаецца права без папярэдняга ўзгаднення з дзяржаўнымі тэлевізійнымі і радыёвяшчальнымі СМІ звяртацца да народа па важных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця. У новым праекце закона адсутнічае палажэнне, паводле якога арганізацыі, пры якіх акрэдытаваны карэспандэнт, абавязаныя паведамляць яму аб маючых адбыцца мерапрыемствах, забяспечваць дакументамі.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, з заклікам адмовіцца ад прыняцця дадзенага дакумента да беларускіх улад звярталіся беларускія праваабаронцы і шэраг міжнародных структур, у прыватнасці Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), Еўрапейская Камісія, міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках