25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паўторна арыштаваныя Аўтуховіч і Лявонаў

46
Паўторна арыштаваныя Аўтуховіч і Лявонаў

8 лютага байцы «Алмаза» правялі ператрусы ў офісе ваўкавыскай фірмы «Ніка-таксі 22222» і ў кватэрах лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі.

Як паведаміў прэс-цэнтр Хартыі’97 праваабаронца Алег Воўчак, ператрусы праводзілі больш чым 30 супрацоўнікаў спецпадпаддзялення МУС «Алмаз» і опергрупы па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Характэрна, што адзіныя затрыманыя пасля ператрусу -- Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка -- не кіруюць фірмай, а працуюць звычайнымі кіроўцамі.

«Уварваўшыся ў офіс, сілавікі заявілі, што шукаюць зброю і наркотыкі. У межах якой справы, чаму, на якой падставе – нічога не паведамілі! Як мне распавялі сведкі, пры ператрусе сілавікі дзейнічалі груба і нахабна, затрыманых білі, валілі на зямлю. Дырэктара фірмы Людмілу Парэмскую даставілі да офіса з дому да 7 раніцы, але ў сам офіс нават не пусцілі. Ператрус праводзіўся самым дбайным чынам, быў перакапаны нават агарод. Шукалі з металашукальнікамі. Нічога знойдзена не было! Тым не менш, Лявонава, Аўтуховіча і Асіпенку ўсё роўна арыштавалі», -- паведаміў Алег Воўчак прэс-цэнтру Хартыі’97.

А.Воўчак адзначыў, што затрыманне і ператрус праведзеныя з санкцыі пракурора Гарадзенскай вобласці. У Аўтуховіча, у прыватнасці, быў канфіскаваны кампутар і асабістая перапіска.

Па словах праваабаронцы, прадпрымальнікаў павезлі ў Менск у ізалятар часавага ўтрымання (ІЧС). Аб гэтым паспеў паведаміць па тэлефоне сам Аўтуховіч.

Позна ўвечары 8 лютага Алег Воўчак паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 са спасылкай на адваката затрыманых, што ім стаіцца ў віну артыкул 218 ч. 2 Крымінальнага кодэкса РБ – «наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам альбо пацягнуўшае прычыненне шкоды ў буйным памеры». Артыкул прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да 5 год або пазбаўленне волі тэрмінам ад 3 да 10 год.

Па словах Воўчака, лідэраў прадпрымальнікаў фармальна вінавацяць у падпале хаты супрацоўніка Ваўкавыскага РАУС па прозвішчы Кацуба. Хата міліцыянта была спаленая 5 год таму, у 2004 годзе. Праваабаронца ўпэўнены, што затрыманне прадпрымальнікаў па гэтым артыкуле абсурднае і гэта толькі падстава, каб іх арыштаваць.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны 7 ліпеня 2006 года на тры гады і шэсць месяцаў з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў са шкодай для бюджэту ў асабліва буйных памерах і за ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. Сваёй віны ён не прызнаў. Аўтуховіч лічыць свой прысуд палітычным. У знак пратэсту супраць несправядлівага пераследу неаднаразова праводзіў галадоўкі. Адна з іх доўжылася больш за 70 дзён. Прадпрымальнік страціў 40 кілаграмаў вагі і значна падарваў здароўе.

Прадпрымальнік Юрый Лявонаў, што працаваў разам з Мікалаем Аўтуховічам, быў прысуджаны да 3 год і 5 месяцаў пазбаўлення волі.

Пад ціскам беларускіх праваабаронцаў і міжнароднай грамадскасці, якія палічылі лідэраў прадпрымальнікаў палітвязнямі, у пачатку 2008 года прадпрымальнікам змянілі меру стрымання на абмежаванне волі.

Тэрмін пакарання прадпрымальнікаў скончваецца ў чэрвені-ліпені 2009 года.

Мікалай Аўтуховіч таксама з'яўляецца адным з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні рэспубліканскай грамадскай арганізацыі ветэранаў баявых дзеянняў "Абаронца Айчыны", паведаміў Алег Воўчак. Праваабаронца звязвае затрыманне вядомага прадпрымальніка з грамадскай дзейнасцю. Нагадаем, Аўтуховіч быў адным з тых, хто нядаўна звярнуўся з лістом да Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага. Удзельнікі вайны ў Аўганістане патрабуюць заканадаўча зацвердзіць статут удзельнікаў вайны для ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, а таксама вярнуць ім сацыяльныя гарантыі і ільготы.

Алег Воўчак таксама не выключае, што на самой справе затрыманне М.Аўтуховіча, Ю.Лявонава і Ў.Асіпенкі можа быць звязанае з расследаваннем справы аб выбуху ў Менску 4 ліпеня 2008 года. Праваабаронца выказаў асцярогі, што ў сувязі з неабходнасцю хутчэйшага расследавання гэтай гучнай справы праваахоўныя органы могуць проста "прызначыць" адказных за выбухі.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках