25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежныя экспэрты: «Калі б урад перайшоў на трохдзенку — было б лепей»

10

9 лютага на Менскім аўтамабільным заводзе чарговы афіцыйны дзень прастою. Такім чынам прадпрыемства змагаецца з затаварваньнем складоў.

На мінулым тыдні гігант беларускай прамысловасьці — МАЗ — не працаваў два дні, у панядзелак і пятніцу. Сеньня на працу выйшла толькі адміністрацыя, піша «Радыё Свабода». Начальнік упраўленьня маркетынгавых камунікацый прадпрыемства Вольга Ісер адзначыла:

«Сеньняшні дзень таксама адносіцца да прастою. У зьвязку зь неабходнасьцю зьмяншэньня вытворчасьці. Мы хацелі зьменшыць аб’ем вытворчасьці, каб не дапусьціць затаварваньня на складах, і зроблены гэтыя захады. Гэта трэці дзень у гэтым месяцы».

За дні прастою рабочыя атрымаюць дзьве траціны ад заробку.

«На сеньняшні дзень тым, каму вельмі складана, аказваецца матэрыяльная дапамога за кошт прафсаюзаў, - адзначыў прадстаўнік Рэспубліканскага камітэту прафсаюзу работнікаў прамысловасьці Леанід Хаванскі. - Гэта дапамога ў межах адной-дзьвюх базавых. Усім мы ня можам даць. У асноўным гэта малазабясьпечаныя».

На пашыраным паседжаньні Савету міністраў віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў прызнаў, што ўжо напрыканцы мінулага году ў прамысловасьці пачалі выяўляцца нэгатыўныя наступствы крызісу. У іх ліку — зьмяншэньне аб’емаў экспарту, а значыць, і прытоку ў краіну валютнай выручкі, павелічэньне затаварваньня складоў, а таксама дэбіторскай запазычанасьці за экспартаваную прадукцыю. Паводле спадара Кабякова, цяпер надзвычай важна «разьвязаць складаны вузел неплацяжоў у гандлі з асноўным партнэрам — Расеяй».

Кіраўнік цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка мяркуе, што прастой — гэта першае, што можа рабіць прадпрыемства пры падзеньні попыту на прадукцыю.

«Паводле маіх разьлікаў, у першыя месяцы гэтага году экспарт Беларусі ў цэлым павінен упасьці на 40%, -- кажа Леанід Заіка. -- За студзень пакуль няма дадзеных. Гэта супадае са становішчам на МАЗе. Гэтая сытуацыя характэрная для беларускага экспарту ў цэлым. Калі б урад, як і МАЗ, пайшоў на трохдзенны тыдзень, то было б лепей. Яны проста падскокваюць на месцы і выконваюць функцыю пажарнай каманды. Крызіс будзе праходзіць урачыста і пышна да 2012 году. Трэба рэфармаваць і дэфарматаваць у цэлым эканоміку».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках