25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зянон Пазняк: «Ніхто не павінен пазьбегнуць адказнасьці за сьмерць чалавека»

17
Зянон Пазняк: «Ніхто не павінен пазьбегнуць адказнасьці за сьмерць чалавека»

Справа аб самагубстве праваабаронцы Яны Палякавой не павінна падлягаць задаўненьню.

Лідэр КХП БНФ Зянон Пазняк пракаментаваў самагубства салігорскай праваабаронцы:

-- У канцы 90-х гадоў былы старшыня Вярхоўнага Савета С. Шарэцкі расказаў мне, як яшчэ напачатку лукашэнкавага «прэзыдэнцтва» запрасіў яго Лукашэнка «правесьці ўрэмя». Не, ня ў лазьню папарыцца, як любіла савецкая намэнклятура, а папрысутнічаць пры расстрэле забойцаў, асуджаных на сьмерць. Ашарашаны Шарэцкі адмовіўся. «А напрасна, Семён Георгіевіч, інцерэсна, ані жэ после пулі ещо немнога жывут, трэпыхаются», -- заўважыў суразмоўца.

Тут сьвядомая дэманстрацыя непрыняцьця народнай маралі, публічнае сцьвярджэньне збочанасьці свайго шчарбатага жыцьцёвага ўзору як нормы жыцьця.

Пяцігадовага хлопчыка ён аб’яўляе пераймальнікам сваёй прэзыдэнцкай улады, шыюць дзіцяці форму галоўнакамандуючага і перад ім рапартуюць, становяцца навыцяжку генэралы.

Да публічнай параноі прывыкаюць, відаць, як да болю, -- інакш чым можна растлумачыць гэтае нашае «маўчаньне травы»?

Ніколі ня думалася, што фантасмагорыі Маркеса («Восень патрыярха») так увасобяцца ў нашай рэальнай беларускай, далёкай ад Лацінскай Амэрыкі, рэчаіснасьці. Ажно так яно ёсьць, і ўсё гэта – на фоне апатыі і маўчаньня краіны, дзе нішчацца жыцьці і душы.

Давядзеньне да самагубства як азначэньне злачынства адлюстравана ва ўсіх нацыянальных кодэксах права і заканадаўствах цывілізаваных краінаў. Зразумела, што ў справе самагубства Яніны Паляковай вінавайцы будуць адкручвацца, звальваць усё на яе побыт, на яе эмацыйнасьць ды асаблівасьці псіхікі і, магчыма, адкруцяцца (да пары). Але справа мусіць быць абавязкова ўзбуджана, яна не павінна падлягаць задаўненьню. Ніхто не павінен пазьбегнуць адказнасьці за сьмерць чалавека.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках