25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Агнешка Рамашэўска знятая з пасады дырэктара тэлеканала «Белсат» (Абноўлена)

21

18 сакавіка была звольненая дырэктар польскага тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска.

Рамашэўска знятая з пасады дырэктара тэлеканала «Белсат» за «ігнараванне рашэнняў нагляднай рады», паведаміў БелаПАН прэс-сакратар «Белсата» Сяргей Пялеса.

Па ягоных словах, у дакуменце вялося, што Рамашэўска «публічна крытыкавала рашэнні рады, у тым ліку і на сустрэчах камісій сейма, і выказвалася на старонках прэсы без адпаведнага ўзгаднення, якога патрабуе закон ад 2006 года».

Як паведаміў Пялеса, рашэнне аб звальненні А.Рамашэўскай прыняў Пётр Форфал — выканаўца абавязкаў прэзідэнта польскага тэлеканала TVP, структурным падпадзяленнем якога з'яўляецца «Белсат». Рамашэўска звольненая і з ТVP.

«Мы ў шоку ад такога нечаканага рашэння, але спадзяемся, што «Белсат» будзе працягваць працу», — сказаў Пялеса.

Сама Рамашэўска лічыць, што ў ейным звальненні замяшаныя палітычныя сілы, якія падтрымліваюць Лукашэнку.

«Я баюся, што ў гэтым замяшаныя такія палітычныя сілы, якія вельмі не хочуць нашкодзіць Лукашэнку. Не хочуць ісці супраць яго. Вы памятаеце восеньскія выбары? Тады ў Беларусі былі палітыкі, якія віншавалі Лукашэнку», - сказала яна ў інтэрв'ю «Еўрарадыё».

23 красавіка 2007 года Польскае грамадскае тэлебачанне (TVP) і Міністэрства замежных спраў Польшчы падпісалі дамову аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь». Ягоным дырэктарам была прызначаная Агнешка Рамашэўска. 18 ліпеня TVP зацвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы тэлеканал, які атрымаў назву «Белсат». Ягонае тэставае вяшчанне пачалося 10 снежня 2007 года.

Праграмы «Белсата» выходзяць у асноўным на беларускай мове. Галоўная задача тэлеканала — прадастаўляць грамадзянам Беларусі аб'ектыўную і дакладную інфармацыю аб падзеях у краіне, Еўропе і свеце.

«Белсат» фінансуецца з рэзервнага бюджэту польскага МЗС. Па паведамленні прэс-службы тэлеканала, у 2009 годзе на фінансаванне тэлеканала вылучана 5 млн. 655 тыс. даляраў ЗША.

У снежні 2008 года ў МЗС Беларусі былі пададзеныя дакументы на рэгістрацыю беларускага прадстаўніцтва «Белсата» як структурнага падпадзялення Польскага тэлебачання (TVP S.A.). У рэгістрацыі было адмоўлена ў сувязі з няслушным афармленнем дакументаў. Пры гэтым у афіцыйным адказе МЗС вялося, што разгляд пытання аб адкрыцці ў Беларусі карэспандэнцкага пункта тэлеканала «Белсат» можа быць адноўлены пасля ўхілення заўвагаў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках