24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэймана і Паўлічэнку не дапытваюць па справе аб выкраданні лідэраў апазіцыі

9

Пракурор Менска Мікалай Кулік адказаў на зварот Вольгі Захаранка да генеральнага пракурора.

У звароце да Генеральнага пракурора Беларусі ад 6 лютага Вольга Захаранка прасіла выказаць падрабязную інфармацыю аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб знікненні яе мужа, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і вынесці пратэст на рашэнне Кастрычніцкага суду Менска, які адмовіўся прызнаць былога міністра ўнутраных спраў памерлым.

«У цяперашні час крымінальная справа знаходзіцца ў вытворчасці следчага па найважных справах пракуратуры горада Менска Вараўкі Ю.В., і па ім праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўсталяванне месцазнаходжання Захаранкі Ю.М. і высвятленне акалічнасцяў ягонага знікнення. Аб выніках расследавання Вам будзе паведамлена дадаткова.

Падставаў для прынясення пратэсту на азначэнне суду Кастрычніцкага раёна г.Менска аб прыпыненні вытворчасці па грамадзянскай справе аб прызнанні Захаранкі Ю.М. памерлым не маецца, паколькі дадзенае азначэнне вынесенае ў адпаведнасці з патрабаваннямі п.4 ч.1 арт.160 ДПК Рэспублікі Беларусь». - гаворыцца ў адказе пракурора Менска, дзяржаўнага дарадчыка юстыцыі 3 класа Мікалая Куліка.

Вольга захаранка будзе абскарджваць гэты адказ.

Праваабаронца Алег Воўчак адзначае, што падобныя звароты павінныя разглядацца на працягу трох сутак - так усталёўвае артыкул 137 КПК.

«Я асабіста атрымаў адказ 16 сакавіка, - распавядае Алег Воўчак у інтэрв'ю «Беларускаму партызану». - Адказ гатовы быў ужо 10 сакавіка, па пошце яго адправілі 14 сакавіка, атрымаў я адказ 16 сакавіка. Звяртае на сябе ўвагу дата адказу - 10 сакавіка. Менавіта 10 сакавіка ў Жэневе праходзіла паседжанне працоўнай групы па недобраахвотных знікненням Рады па правах чалавека ААН. Я распавёў працоўнай групе аб тым, як ставяцца да правоў пацярпелых службовыя асобы пракуратуры».

«Лічу, Васілевічу не хапіла мужнасці даць адказ Вользе, нават не як Генпракурору, а як мужчыне; хоць бы выказаў спагаду жанчыне - я на месцы Генпракурора менавіта так і паступіў бы», - кажа праваабаронца.

Праваабаронца адзначае, што ў лісце Мікалая Куліка «няма адказу на галоўнае пытанне: ці правяралася дачыненне Шэймана, Сівакова, Навумава да знікнення Юрыя Захаранкі?»

Акрамя таго, застаецца незразумелым лёс пазову аб прызнанні былога міністра памерлым.

«У 2002 годзе ў адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам Вольга Захаранка падала пазоў у Кастрычніцкі суд Менска аб прызнанні Юрыя Захаранкі памерлым: любы грамадзянін можа быць прызнаны памерлым, калі на працягу трох год аб ім ніякіх звестак. Суд прыпыніў разгляд пазову да разгляду крымінальнай справы аб знікненні Юрыя Захаранкі. Тэрмін пазоўнай даўнасці па такіх справах, паводле артыкула 101 старога Крымінальнага кодэкса, 15 год; 10 годаў прайшло - засталося пяць год папярэдняга расследавання. Таму мы лічым, што разгляд пазову аб прызнанні Ю.Захаранкі памерлым адбудзецца не раней, чым скончыцца расследаванне крымінальнай справы», - кажа А.Воўчак.

Зараз справу вядзе Ю.Вараўка - гэта ўжо чацвёрты следчы. Да яго справай Захаранкі займаліся Святлана Бойка, Уладзімір Чумачэнка, Сяргей Кухаронак, Ю.Вараўка, дарэчы, вядзе і крымінальнуб справу аб знікненні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Алег Воўчак лічыць, што, даючы такі адказ, пракуратура парушыла Дэкларацыю аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, прынятую 19 снежня 1992 года Генеральнай асамблеяй ААН.

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юрый Захаранка, аператар ОРТ Зміцер Завадскі. Аб лёсе гэтых людзей нічога не вядома.

Аб неабходнасці высвятліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў стала заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду аб іх знікненні змяшчаецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і былому камандзіру спецназа ўнутраных войск Дзмітрыю Паўлічэнке забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазронаў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках