26 лiстапада 2024, aўторак, 1:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцэйскія катэджы перадалі ў камунальную ўласнасць (Фото)

4

Менскі райвыканкам прыняў рашэнне аб прыёме ў камунальную ўласнасць незаконна ўзведзеныя катэджы на элітных ўчастках зямлі у раёне Заслаўскага вадасховішча.

У адным з дакументаў Менскага аблвыканкама, якімі валодае «Народная воля», напісана, што Менскі раённы выканаўчы камітэт «не пазней за 1 лютага 2009 года павінен забяспечыць знос будынкаў, размешчаных на вышэйзгаданых тэрыторыях, пры адмове грамадзян знесці гэтыя будынкі альбо перадаць у мэтах выкарыстання для размяшчэння дамоў сямейнага тыпу для дзяцей-сірот».

Аднак міліцэйскія катэджы дагэтуль стаяць. І сваіх уласнікаў яны, па інфармацыі газэты, не памянялі.

У Менскім райвыканкаме ад каментарыяў устрымаліся. Намеснік старшыні Менрайвыканкама Мікалай Петухоў катэгарычна адмовіўся ад якіх-небудзь каментарыяў.

«Дасылайце афіцыйны запыт, бо я не бачу па тэлефоне, з кім размаўляю», — сказаў ён.

Ад прапановы журналістаў пад'ехаць да яго ў прыёмны дзень альбо ў любы зручны для яго час чыноўнік адмовіўся.

«Не трэба да мяне ехаць, я вам усё роўна нічога не патлумачу па даным пытанні, дасылайце запыт», - заявіў ён.

А вось кіраўнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менаблвыканкама Аляксандр Бачыла паведаміў, што ў Менскім райвыканкаме створана спецыяльная камісія, якая займаецца міліцэйскімі катэджамі.

«Да 20 лютага ўладальнікі катэджаў мусілі добраахвотна знесці «самавольна ўзведзеныя будынкі», разабраць іх альбо перанесці туды, куды лічаць патрэбным. Прайшоў толькі тыдзень. Менскі райвыканкам прыняў рашэнне аб прыёме ў камунальную ўласнасць гэтых аб'ектаў. Створана спецыяльная камісія па прыёмцы гэтых аб'ектаў завершанага і незавершанага будаўніцтва. Камісія пачала сваю працу ў Менскім райвыканкаме.

І калі падчас працы гэтай камісіі ўзнікнуць нейкія праблемы юрыдычнага характару, яна заўсёды зможа паставіць адпаведныя пытанні перад кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі. Пакуль пра тое, што ў камісіі былі такія пытанні, мне невядома. Гэта, падкрэсліваю, наш пункт гледжання. У нейкіх іншых структур ён можа быць іншым…» – зазначыў Аляксандр Бачыла.

Дарэчы, у пратаколе даручэнняў А.Лукашэнкі напісана, што кантроль за выкананнем гэтага даручэння ажыццяўляе Адміністрацыя прэзідэнта. Нагадаем, што ў лістападзе мінулага года А.Лукашэнка заявіў, што былыя і дзеючыя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў самавольна захапілі элітныя ўчасткі зямлі ў Менскім раёне. Паводле слоў А.Лукашэнкі, для будаўніцтва яны літаральна за капейкі прыдбалі сабе тэрыторыю былога лецішча дзіцячага садка, якая знаходзілася ў ахоўнай зоне Заслаўскага вадасховішча.

«Дайце ўласнікам тры месяцы, каб яны знеслі свае пабудовы. Калі не знясуць, то яны бязвыплатна павінны быць канфіскаваны пад дамы для дзяцей-сірот. Выконвайце!» - аддаў публічны загад беларускі кіраўнік.

З некаторых дакументаў вынікала, што міністар унутраных справаў генерал Уладзімір Навумаў асабіста хадайнічаў, каб ягоныя падначаленыя атрымалі права на будаўніцтва дамоў на тэрыторыі летняй дачы дзіцячага садка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Напрыканцы мінулага года Менскі раённы выканаўчы камітэт падаў іск «аб прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі ўзнікнення, пераходу права ўласнасці на зямельныя ўчасткі і размешчаныя на іх капітальныя будынкі». Суд прыняў рашэнне не на карысць уладальнікаў маёнткаў — зямлю ў іх адабралі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках