25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч губляе ў турме зрок

5

У турме ў арыштаванага ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча рэзка пагоршыўся стан здароўя.

Як паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 жонка палітвязня Алена Аўтуховіч, у лідэра прадпрымальнікаў моцна паслабіўся зрок. Акрамя таго, з-за цяжкіх умоваў утрымання ў СІЗА ён прастудзіўся.

«Наколькі мне вядома, ён прастудзіўся. Больш я нічога не ведаю – бо мне ніхто нічога не кажа. Усю інфармацыю я атрымліваю толькі ад адваката, ён прасіў перадаць яму лекаў ад прастуды. І яшчэ сказаў, што зрок у мужа пагоршыўся, вельмі моцна», - сказала Алена Аўтуховіч.

Жонцы палітвязня таксама невядома, ці перадаюць Мікалаю Аўтуховічу неабходныя лекі.

«Адкуль мне гэта ведаць? Можа – так, а можа – не. І я не ведаю, аглядае там яго хто-небудзь ці не аглядае. Я нічога не магу сказаць, бо я – тут, а муж – там», - уздыхнула жанчына.

Адвакат прадпрымальніка Павал Сапелка пацвердзіў прэс-цэнтру Хартыі’97, што неспрыяльныя ўмовы ўтрымання ў СІЗА падарвалі здароўе Мікалая Аўтуховіча.

«Так, у яго зрок сеў, і ён прастыў, умовы ўтрымання ў ізалятары паспрыялі пагаршэнню здароўя. Па-першае, у камеры, дзе ўтрымліваюць Мікалая Аўтуховіча, знаходзіцца 15 чалавек. Па-другое, там амаль усе паляць, і Аўтуховічу як чалавеку, які не паліць, гэта вельмі цяжка пераносіць», - распавёў праваабаронца.

Адвакат падкрэсліў, што, нягледзячы на цяжкасці, Мікалай Аўтуховіч цвёрда прытрымваецца сваіх перакананняў.

«Ён вельмі перажывае за сям'ю і за бізнэс, але адыходзіць ад сваіх перакананняў і здавацца не збіраецца», - адзначыў Павал Сапелка.

Іншы арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік Юры Лявонаў па-ранейшаму застаецца ў турэмным шпіталі. Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 заявіла яго дачка Юлія Лявонава.

«Бацька ўсё яшчэ ў шпіталі, і мне невядома, калі яго збіраюцца адтуль выпісваць. У мяне няма абсалютна ніякай інфармацыі. За ўвесь гэты час у мне атрымалася ўбачыцца з урачом бацькі толькі аднойчы – праз тры дні пасля таго, як ён патрапіў у шпіталь. Як сказала лекар, бацька да іх паступіў з паколваннем у нырках, і яго тыдні на два пакінуць там для прафілактыкі. Што гэта за прафілактыка і чаму яна так доўга працягвацца – гэтага я ні ад каго дамагчыся не магу», - адзначыла Юлія Лявонава.

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка.

18 лютага ім было прад'яўлена абвінавачванне ў падпале хаты былога начальніка Ваўкавыскага РАУС. Падпал быў ажыццёўлены ў 2005 годзе, і вінаватыя ў ім даўно адбываюць пакаранне. Арыштаваным жа прадпрымальнікам пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення.

15 лютага арыштаваны Юры Лявонаў паступіў у Рэспубліканскі турэмны шпіталь на Кальварыйскай, 36.

З моманту арышту блізкія сваякі ні разу не ўбачылі абвінавачаных. Следчы «справы» шматкроць адхіляў прашэнне жонак і дзяцей на спатканне з арыштаванымі прадпрымальнікамі, якія ўтрымліваюцца ў менскім СІЗА. У сувязі з тым, што адвакаты далі абяцанне аб нераспаўсюдзе падрабязнасцяў следства, сваякі Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі фактычна пазбаўленыя інфармацыі аб лёсе іх родных. Таксама сваякам арыштаваных прадпрымальнікаў адмовілі выступіць абаронцамі палітвязняў.

Адзначым, што Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі. 10 лютага гэтага года ў Ваўкавыску павінна было прайсці судовае слуханне па ўмоўна-датэрміновым вызваленні Мікалая Аўтуховіча.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках