25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельнік «Працэсу 14-ці» Аляксандр Баразенка збіты міліцыяй

10

Пры гэтым актывісту «Еўрапейскай Беларусі» вынесенае папярэджанне нібыта за парушэнне парадку адбывання пакарання.

Як паведамляе сайт грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», 23 сакавіка ў прызначаны час Аляксандр Баразенка прыйшоў адзначыцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Фрунзенскага раёна. Інспектар па выкананні пакаранняў Сяргей Кісель завёў яго ў кабінет, дзе пачаў нецэнзурна размаўляць, абражаць маладога чалавека, крычаць, што «згноіць» яго ў турме. Акрамя таго, супрацоўнік міліцыі некалькі разоў ударыў Аляксандра Баразенку па твары. Пасля гэтага Кісель вынес Баразенку папярэджанне за парушэнне правілаў адбыцця пакарання.

Па словах інспектара, папярэджанне вынесенае за тое, што ў мінулую нядзелю падчас праверкі, Баразенка не знаходзіўся ў сябе дома. У той жа час, Баразенка сцвярджае, што быў дома, і гэта могуць пацвердзіць ягоныя суседзі. Акрамя таго, інспектар Кісель адвольна змяніў распарадак дня для адбывалага пакаранне, з-за чаго Баразенка не зможа працаваць на ранейшай працы.

У канцы 2008 года Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да аднаго году абмежавання волі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года. Абмежаванне волі з'яўляецца формай хатняга арышту, калі асуджаны можа знаходзіцца толькі дома або на працы. Асуджаны істотна абмежаваны ў правах, любыя перасоўванні можа ажыццяўляць толькі з дазволу міліцыі, абавязаны забяспечваць доступ міліцыі ў жыллё ў любы час сутак. За тры мінімальных парушэнні супраць асуджанага ўзбуджаецца крымінальная справа па арт. 415 КК РБ, па якой можа быць прысуджаны да трох год пазбаўлення волі.

«Вядома ж, я ў шоку ад такога бязмежжа. Супрацоўнік міліцыі выносіць мне незаконнае папярэджанне, пагражае згнаіць у турме, абражае і збівае мяне. Потым ён змяняе мне распарадак дня і кажа, што я павінен быць дома ў 20.00, хоць я працую да 21.30. Я выдатна разумею, што гэта не асабістая ініцыятыва асобнага супрацоўніка міліцыі, а санкцыянаваная зверху спроба запалохаць мяне і іншых актывістаў перад Днём волі. Гэтага ў міліцыі і не хавалі, сказалі, што 25-га сакавіка за мной будуць пільна сачыць. Пасля першага папярэджання нада мной нібыта занесены дамоклаў меч. Яшчэ два парушэнні, не важна, рэальных, або выдуманых, як у дадзеным выпадку, і мне будзе пагражаць да трох год турмы. Вядома, я буду абскарджваць дзеянні міліцыі, хоць і ўпэўнены, што гэта не прынясе ніякага выніку. Усе мы – проста закладнікі рэжыму, у ягоным гандлі з Захадам» -- пракаментаваў здарэнне Аляксандр Баразенка.

Нагадаем, што «Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандар Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да 9 снежня 2008 года да суду ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках