25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па факце збівання Франака Вячоркі

1

Менскі міжгарнізонны вайсковы суд пакінуў без задавальнення скаргу па факце збівання моладзевага лідэра Франака Вячоркі пры ягоным прымусовым закліку ў войска.

Аб гэтым БелаПАН паведаміў бацька маладога чалавека, першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Па словах палітыка, ён прасіў адмяніць пастанову Менскай міжгарнізоннай вайсковай пракуратуры, якая 24 лютага адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збівання Франака Вячоркі, і правесці дадатковую праверку па факце ягонага прымусовага закліку ў войска.

«Гэтае рашэнне было прадказальным. Такім чынам, дадатковую праверку Менская міжгарнізонная вайсковая пракуратура праводзіць не будзе. З іншага боку, падчас суду адбылася нейкая падмена паняццяў. Я не прасіў узбуджаць у адносінах кагосьці крымінальную справу, я прасіў высвятліць, да якога падпадзялення адносяцца людзі ў цывільным, якія гвалтам прывезлі майго сына ў войска, і пакараць іх паводле заканадаўства. Я прасіў правесці дадатковую праверку і выканаць патрабаванні закона. Мне ж было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы», — паведаміў В.Вячорка.

Па ягоных словах, рашэнне суду можна абскардзіць у вышэйшай інстанцыі на працягу 10 дзён. В.Вячорка мае намер параіцца з юрыстамі аб мэтазгоднасці такога кроку.

У ліпені 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Менска прызнала Франака Вячорку непрыдатным да ваеннай службы па стане здароўя. Абласная медкамісія паставіла гэтае рашэнне пад сумнеў і накіравала маладога чалавека на абследаванне ў ваенны шпіталь. У выніку яму далі адтэрміноўку ад службы да сакавіка 2009 года. Нягледзячы на гэта, 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна прызнаў Вячорку прыдатным да ваеннай службы. Суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджанае рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў яго ў сіле. Суд прыняў рашэнне ў адсутнасць Франака Вячоркі і ягонага адваката.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках