26 лiстапада 2024, aўторак, 2:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Iвашкевiч: «У кожнага свой выбар: скардзіцца на кухні ці дэманстраваць сваю пазіцыю на вуліцы»

16
Віктар Iвашкевiч: «У кожнага свой выбар: скардзіцца на кухні ці дэманстраваць сваю пазіцыю на вуліцы»

Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне 25 сакавіка акцыі ў сувязі з гадавінай Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама з эканамічнай і палітычнай сітуацыяй у краіне.

Намеснік старшыні Партыі БНФ (а менавіта гэтая партыя з'яўляецца адным з заяўнікоў акцыі) Віктар Івашкевіч распавядае «Народнай Волі»:

— 18 сакавіка ўлады далі дазвол на святкаванне Дня Волі. Збор людзей — 25 сакавіка ў 18.00 ля Акадэміі навук. Праўда, замоўлены намі маршрут да Кастрычніцкай плошчы Мінгарвыканкам змяніў на маршрут да плошчы Бангалор. У сувязі з гэтым мы звяртаемся да ўсіх прыхільнікаў незалежнасці з заклікам прыйсці 25 сакавіка менавіта на дазволенае месца.

Таксама заклікаю ўсіх тых, каму не падабаецца палітыка ўлад, прыйсці, каб выказаць свой пратэст. Кожны няхай прынясе з сабой візуальнае афармленне таго, што ён хоча выказаць. Ці то нацыянальную сімволіку, ці то плакаты з патрабаваннем да ўлады альбо ацэнкай іх дзейнасці, ці партрэты палітвязняў альбо Яны Паляковай, якую рэжым давёў да самагубства. Мы павінны не толькі сабрацца і павіншаваць адзін аднаго са святам, але і паказаць сваю пазіцыю. І кожны няхай гэтую дэманстрацыю пазіцыі падрыхтуе персанальна.

— Раней вы казалі, каб плошчу Бангалор вам не прапаноўвалі…

— Атрымалі тое, што далі. Таму збяромся ля Акадэміі навук, а там ужо людзі вырашаць на месцы, куды ім рушыць далей. Ніхто ж не можа прымусіць іх ісці туды, куды яны не хочуць.

— Традыцыйнае пытанне: колькі людзей плануеце сабраць на акцыю?

— Сёлетняя акцыя адрозніваецца ад папярэдніх тым, што крызіс закрануў не толькі эканоміку, але і арганізатараў акцыі. Мы не мелі фінансавых магчымасцяў вырабіць вялікую колькасць абвестак, а рэкламная кампанія вялася ў асноўным толькі праз незалежныя СМІ і інтэрнет. Таму было б добра, калі б прыйшлі хаця б чытачы незалежных газет і інтэрнет-сайтаў. А гэта даволі шмат людзей. Вось, напрыклад, у "Народнай Волі" ў Мінску дзесяткі тысяч чытачоў. Няхай бы ўсе і прыйшлі. А калі б далучыліся і іншыя, то, думаю, сабралося б нямала людзей. Але наколькі народ гатовы прадэманстраваць свае дэмакратычныя погляды — нам не вядома. Кожны чалавек сам робіць свой выбар — ці сядзець і скардзіцца на жыццё на кухні, ці выйсці на вуліцу і выказаць сваю пазіцыю. Тым больш што зараз гэта ніякімі рэпрэсіямі не пагражае.

— Праблем у тых, хто прынясе з сабой сімволіку, не будзе?

— Не, міліцыя гэта таксама гарантавала. Мала таго, гарантавалі, што не будуць перашкаджаць выкарыстоўванню гукаўзмацняльнай апаратуры. Раней жа ўсё гэта арыштоўвалася. А горлам не пакамандуеш людзьмі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках