25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэфіцыт гандлёвага балансу ідзе на рэкорд. Магчымая некантралюемая дэвальвацыя

19

Беларусь ідзе на рэкорд па паказчыку дэфіцыту гандлёвага балансу за ўсю гісторыю суверэнітэту.

У студзені-лютым сальда знешняга гандлю таварамі склалася адмоўным у памеры 1 мільярда 92,4 мільёнаў даляраў і павялічылася ў 2,5 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года. Прычым у лютым у параўнанні з студзенем гэтага года адмоўнае сальда павялічылася больш чым на 200 млн. даляраў.

Калі такая дынаміка падзення аб'ёмаў знешняга гандлю захаваецца, то да канца года Беларусь папросту паб'е рэкорд мінулага года (мінус 6,581 млрд. даляраў) і ўсталюе новы.

"Да гэтага мы і рухаемся, — заявіў у інтэрв'ю сайту "Беларускія навіны" эканаміст даследчага цэнтра Інстытута прадпрымальніцтва і менеджменту Аляксандр Чубрык, тлумачачы павелічэнне дэфіцыту гандлёвага балансу нарастаючым крызісам і рэзкім падзеннем попыту на нашу прадукцыю. — Прычым, я б звярнуў увагу вось на што. У студзені-лютым Беларусь скараціла экспарт на 47,8%, а імпарт на 32,1%. Гэта значыць імпарт скараціўся значна менш. Гэта кажа аб тым, што мы працягваем працаваць на склад і вырабляць прадукцыю, якую ніхто не купляе".

Паводле афіцыйнай статыстыкі, суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднемесячнага аб'ёму вытворчасці на 1 сакавіка 2009 года ў фактычных коштах склалі 91,3% або 6,442 трлн. рублёў. Напрыклад, суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднемесяцовага аб'ёму вытворчасці прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці склалі 196% або 544,3 млрд. рублёў. Амаль 3 трлн. рублёў складаюць запасы на прадпрыемствах машынабудавання і металаапрацоўкі.

"Мы проста праядаем валютныя рэзервы, — аналізуе сітуацыю А.Чубрык. — Трымаем рубель, купляем даляры і абменьваем іх на імпарт, які нам не па кішэні ў крызіс".

Па меркаванні эксперта, "сітуацыя павінная быць такой: падзенне экспарту — на 47,8%, імпарту — на 60%. Гэта будзе адэкватная валютная палітыка і адэкватная знешняя сітуацыя".

Але пакуль Нацбанк "спрабуе вырашыць унутраныя праблемы тым, што ўтрымлівае курс беларускага рубля", лічыць эксперт. "А на самой справе ён рашэнне праблем проста адкладае. Сітуацыя з такім дэфіцытам гандлёвага балансу рана ці позна сыходзіць з-пад кантролю. І ніякімі пазыкамі гэта не закрыеш. У 1995 годзе Нацбанк таксама спрабаваў утрымліваць курс беларускага рубля. Але тады вырашаць праблему было прасцей, таму што не было пазык. І калі рэзервы скончыліся, пачалася дэвальвацыя. Зараз ёсць пазыкі, якія прыйдзецца аддаваць", — адзначае Аляксандр Чубрык.

Як паказвае сітуацыя, асноўнай крыніцай фарміравання адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі з'яўляюцца экспартна-імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя). За студзень 2009 года ў краіну было ўвезена прамежкавых тавараў на 1,3 млрд. даляраў, або на 39,2% менш, чым за студзень 2008 года. Экспарт прамежкавых тавараў склаў 947,5 млн. даляраў, што на 46% менш узроўня студзеня 2008 года.

Нават Аляксандр Лукашэнка наведваючы ў студзені "Белкамунмаш" абурыўся па гэтай падставе і заявіў, што Беларусі неабходна максімальна сыходзіць ад імпарту камплектуючых: "Мы можам вырабляць іх тут. Гэта ж каласальны аб'ём працоўнай сілы, рэалізацыя праграмы развіцця малых гарадоў. Такім чынам мы можам рэанімаваць старыя прадпрыемствы, якія дрэнна працуюць".

А.Чубрык згодзен, што "трэба скарачаць імпарт прамежкавых тавараў, у прыватнасці, камплектуючых, а не спрабаваць змагацца са спажывецкім імпартам і перашкаджаць ягонаму паступленню на наш рынак. Мы можам цалкам забараніць спажывецкі імпарт, але ўсё роўна гэта не вырашыць праблему. Ключавы момант — паніжэнне аб'ёмаў прамежкавага прамысловага імпарту. Для гэтага трэба прызнаць, што шэраг прадпрыемстваў павінен быць спынены, таксама адмовіцца ад планаў, якія ў нас дагэтуль даводзяць".

Праўда, урад не пойдзе на такія крокі. Пакуль перавага аддаецца якой-ніякой працы прадпрыемстваў (што ўвядзе да вымывання адваротных сродкаў), а не прыпыненню вытворчасці і павелічэнню рэальнага беспрацоўя. Што датычыцца планаў, то іх увялі нават па стаўленні да складскіх запасаў. Паводле рашэння ўрада, на канец 2009 г. максімальна дапушчальны аб'ём складскіх запасаў гатовай нерэалізаванай прадукцыі павінен быць на ўзроўні 57,5% сярэднемесяцовага аб'ёму вытворчасці.

Хоць пры такім імклівым падзенні экспарту тавараў ёсць вялікія сумневы, што прадпрыемствы выканаюць усталяваны план.

Калі сітуацыя ў эканоміцы і ў знешнім гандлі не зменіцца, "то Нацбанк страціць кантроль над валютным курсам", лічыць А.Чубрык: "Мы сутыкнемся з некантралюемай дэвальвацыяй, альбо з множнасцю курсаў валют. Паўстане маса праблем. Напрыклад, інвестары могуць сутыкнуцца са складанасцямі атрымання сваіх дэпазітаў у банках".

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках